Якія постсавецкія народы лічаць палітыку Расеі стабілізацыйным фактарам у сьвеце. Міжнароднае апытаньне

Уладзімер Пуцін. Каляж.

Міжнародная асацыяцыя Gallup супольна з шэрагам нацыянальных сацыялягічных кампаніяў правяла дасьледаваньні ў 44 краінах сьвету, каб высьветліць, грамадзяне якіх дзяржаваў найбольшыя аптымісты і як дзе ставяцца да міжнароднай палітыкі ЗША, Кітаю і Расеі.

Паводле вынікаў апытаньня, апублікаванага фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» (Кіеў, Украіна), людзей, якія сымпатызуюць палітыцы Расеі, найбольш у постсавецкіх і разьвіцьцёвых краінах.

У прыватнасьці, думку, што палітыка Расеі стабілізуе сьвет, падзяляюць 62% грамадзян Казахстану, 44% — Малдовы, 41% — Армэніі, 38% — Азэрбайджану і толькі 10% — Украіны. Пры гэтым у самой Расеі 44% грамадзян падзяляюць такі пункт гледжаньня. Інфармацыі зь Беларусі ў апытаньні няма.

І наадварот, палітыку Расеі назвалі дэстабілізацыйнай у сьвеце 74% грамадзян Украіны, 48% — Армэніі, 35% — Малдовы, 23% — Казахстану, 28% — Азэрбайджану, 22% — Расеі.

Не змаглі адказаць на гэтае пытаньне 11% грамадзян Армэніі, 15% — Казахстану, 16% — Украіны, 21% — Малдовы, 33% — Расеі і 34% — Азэрбайджану.

Апытаньне праводзілі з кастрычніка да сьнежня 2021 году. У ім узялі ўдзел 41 560 рэспандэнтаў з 44 краін сьвету. Тэарэтычная хібнасьць можа складаць ад 3 да 5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: El País апублікавала адказы ЗША і NATO па гарантыях бясьпекі Расеі. Згадваецца і Беларусь