Кіраўнік Міністэрства прыроды Андрэй Худык раней пагражаў пачаць працэдуру выхаду з Орхускай канвэнцыі, калі да 1 студзеня 2022 году ня будзе адменена рашэньне што да Беларусі. Пра гэта вялося ў лісьце, які міністар накіраваў выканаўчаму сакратару камісіі ААН.
- Орхуская канвэнцыя — канвэнцыя Эўрапейскай эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, што тычацца навакольнага асяродзьдзя». Яе мэта — абарона права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе для яго здароўя і дабрабыту, на ўдзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, датычных гэтай тэмы.
Цяпер Беларусь ня можа быць чальцом прэзыдыюму Орхускай канвэнцыі, займаць пасады старшынь органаў Канвэнцыі і праводзіць у краіне нарады экспэртаў або міжурадавыя нарады па Канвэнцыі.
У Беларусі прасоўваньнем палажэньняў Орхускай канвэнцыі доўгі час займалася арганізацыя «Экадом». Арганізацыя дамагалася выкананьня палажэньняў канвэнцыі ў тым ліку пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Аднак 31 жніўня ўлады зьліквідавалі яе, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацыяў. Гэта першы выпадак, калі зьліквідавалі аднаго з камунікатаў з Камітэтам выкананьня Канвэнцыі.
У кастрычніку ўдзельнікі Орхускай канвэнцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» перасьледам з боку дзяржавы. Было прынята рашэньне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі з 1 лютага 2022 году, калі да 1 сьнежня ўлады ня зробяць крокаў дзеля аднаўленьня рэгістрацыі аб’яднаньня. За такое рашэньне прагаласавалі 27 краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы дурны праект Расеі». Чым «Паўночны паток — 2» небясьпечны для Беларусі?Што будзе азначаць для Беларусі прыпыненьне яе правоў і прывілеяў паводле канвэнцыі?
«Пакуль можна сказаць, чаго Беларусь ня будзе пазбаўленая: Беларусь ня будзе пазбаўленая магчымасьці ўдзельнічаць у сустрэчах бакоў і галасаваць на іх. А ўсяго астатняга можа быць пазбаўленая. Гэта, з аднаго боку, іміджавыя рэчы: у бюро канвэнцыі штогод мяняецца старшыня, Беларусь ня зможа быць старшынёй у бюро. Магчыма, гэта паўплывае на атрыманьне міжнароднай тэхнічнай дапамогі. З другога боку, здаецца, зараз у любым выпадку міжнародная тэхнічная дапамога будзе спыненая, так што гэта нічога не дадае», — кажа сябра праўленьня арганізацыі і партыі «Зялёныя» Ірына Сухій.
«Рашэньне, якое выклікала абурэньне Андрэя Худыка, патрабуе спыніць перасьлед экалягічных арганізацый і актывістаў у Беларусі. Арганізацыі, паводле Лукашэнкі, „былі выразаныя“, а многія актывісты, прайшоўшы праз турмы і перасьлед, вымушаныя зьехаць за мяжу», — нагадала Ірына Сухій.
- Орхуская канвэнцыя аб удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя, існуе ад 1998 году. Яе бакамі зьяўляюцца практычна ўсе эўрапейскія краіны, уключна зь Беларусьсю.