Навіны палітвязьняў: Брэдзелеў ня выйшаў пасьля арышту; Афнагеля ў калёніі пакаралі ШЫЗА

Паштоўкі для вязьняў, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі на 2 лютага праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 1022 асобы.

Мікалай Брэдзелеў ня выйшаў на волю пасьля адміністрацыйнага арышту

Былы начальнік упраўленьня па грамадзкіх сувязях кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Кампанія не камэнтуе лёс супрацоўніка, піша Zerkalo.io.

Напісаць яму ліст можна на адрас: СІЗА №1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2.

Мікалай Брэдзелеў

Яўгена Афнагеля зьмясьцілі ў штрафны ізалятар і пазбавілі доўгага спатканьня

Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля зьмясьцілі ў штрафны ізалятар у наваполацкай калёніі і пазбавілі працяглага спатканьня, паведамляе «Вясна».

Яўген Афнагель у судзе

19 студзеня Яўгена пакаралі 10 суткамі ШЫЗА, пасьля выхаду ён паведаміў сваякам, што неўзабаве яго зноў зьмесьцяць у ШЫЗА. Прычыны пакараньня невядомыя. Акрамя гэтага, адміністрацыя калёніі пазбавіла Яўгена працяглага спатканьня.

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» 25 траўня асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Напісаць яму ліст можна на адрас: ПК № 1, 211440, г. Наваполацак, вуліца Тэхнічная, 8.

Журналіста Сяргея Сацука ня вызвалілі зь СІЗА пад асабістыя паручальніцтвы

Сьледчы камітэт адмовіў у вызваленьні зьняволенага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука зь СІЗА пад асабістыя паручальніцтвы, паведамляе БАЖ. З адпаведным хадайніцтвам у СК зьвярталіся сябры і родныя журналіста, але сёньня атрымалі адмову. Таксама стала вядома, што журналіст папрасіў перадаць на волю пра праблемы з сэрцам, якія абвастрыліся ў яго ў СІЗА.

Сяргей Сацук

Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі 8 сьнежня мінулага году па ранейшай справе аб нібыта атрыманьні хабару. У той дзень дома ў журналіста прайшоў чарговы ператрус, а яго самога зьмясьцілі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітычным вязьнем. На дадзены момант у няволі ў Беларусі знаходзяцца 32 прадстаўнікі СМІ.

Напісаць яму ліст можна на адрас: СІЗА №1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Фядута за кратамі аднавіў прыём лекаў; з малюнкаў Севярынца з-за кратаў пачалі рабіць паштоўкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ушыў штаны, завёў інстаграм, вострыць пілы. Як жыве ў «Воўчых норах» Сьцяпан Латыпаў з «плошчы Перамен»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч 200 дзён у турме, Рабкова — 500. Як маюцца «вясноўцы» за кратамі?