«Мы разам зь іншымі дзяржавамі рыхтуем пакет санкцый і іншых захадаў, які будзе актываваны ў тую самую хвіліну, як нага расейскага жаўнера перасячэ ўкраінскую мяжу і ступіць на ўкраінскую тэрыторыю», — заявіў Борыс Джонсан 1 лютага ў Кіеве пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Прэм’ер Вялікай Брытаніі лічыць, што цяпер вельмі важна, каб у Маскве зразумелі, што санкцыі набудуць моц аўтаматычна, у тую ж хвіліну, калі пачнецца ўварваньне на тэрыторыю сувэрэннай Украіны. «Цяпер вельмі важна, каб Расея зрабіла крок назад і вярнулася да дыпляматыі».
Брытанскі прэм’ер дадаў, што эўрапейскія санкцыі і санкцыі ЗША пачнуць працаваць адначасова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве анансавалі стварэньне новага рэгіянальнага праекту Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны. Зь якой мэтай?Борыс Джонсан таксама паведаміў, што Вялікая Брытанія будзе дапамагаць Украіне ажыцьцяўляць супраціў агрэсіі Расеі. «Мы ўжо перадалі 2 тысячы супрацьтанкавых ракетных сыстэм, і мы навучаем вайскоўцаў Украіны. Але найлепшае, што мы зможам зрабіць, гэта данесьці да расейскіх грамадзян рэальнасьць таго, што адбудзецца. Украінцы будуць змагацца за сваю краіну. Ва Ўкраіне 200-тысячнае войска, якое вельмі моцнае, таму расейскія маці павінны памятаць пра жыцьці сваіх сыноў. Магчыма, гэта і стрымае Пуціна ад узмацненьня канфлікту, і мы дзеля гэтага далучаемся да дыялёгу», — патлумачыў ён.
Прэм’ер Вялікай Брытаніі таксама паведаміў, што на дадатак да выдзеленай раней вайсковай дапамогі брытанскі ўрад накіруе Ўкраіне 88 мільёнаў фунтаў на рэалізацыю праектаў дзеля ўмацаваньня энэргетычнай бясьпекі.
«Расея кансалідавала больш як 100 тысяч войска на ўкраінскай мяжы, дэманструючы найбольшую, мабыць, за ўсе гады варожасьць да Ўкраіны, і патэнцыйна яна можа разьмясьціць яшчэ 30 тысяч у Беларусі», — паведаміў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замест вайны з Украінай Расея паглыне Беларусь». Меркаваньне расейскага палітолягаБорыс Джонсан перакананы, што агрэсія Расеі супраць Украіны будзе вялікай палітычнай і гуманітарнай катастрофай. «Мне здаецца, што гэта было б і вайсковай катастрофай як для Расеі, гэтак і для сьвету. Патэнцыйнае ўварваньне было б паражэньнем і для прэзыдэнта Пуціна».
У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ў цяперашняй сытуацыі важна не перабольшваць і не прымяншаць патэнцыйныя рызыкі. «Ніхто ня можа спрагназаваць, што адбудзецца далей, 100-адсоткавых гарантый ніхто нікому не дае. Мы павінны быць справядлівыя ў ацэнках, мы павінны быць магутныя, і Ўкраіна перш за ўсё. Мы павінны рыхтавацца да кепскіх рэчаў».