Старшыня ЦВК паведаміў пра фармаваньне выбарчых камісій. І заблытаўся ў падліках

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў пра фармаваньне 153 тэрытарыяльных камісій для рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.

Карпенка таксама заявіў, што на месца ў камісіях быў «конкурс» «па 11–12 чалавек», бо, паводле ягоных словаў, у склад камісій жадалі трапіць 1935 чалавек.

Тым часам Эўрарадыё папракнула нядаўняга міністра адукацыі ў няведаньні базавай матэматыкі:

«„Конкурс“ у 12 чалавек на месца быў бы толькі, калі б у склад камісіі ўваходзіў толькі адзін чалавек... На сайце ЦВК ёсьць канкрэтная лічба: у склад камісій увайшлі 1857 чалавек. То бок „конкурс“ склаў 1,04».

Як раней паведамлялася, у склад камісій не ўвайшоў ніводзін прадстаўнік апазыцыйных партый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камуністы, праўладныя саюзы, чыноўнікі. Хто будзе ў выбарчых камісіях на рэфэрэндуме