У загадзе міністра Дзьмітрыя Піневіча гаворыцца, што лекары маюць права ставіць дыягназ COVID-19 без правядзеньня тэстаў. «Вынікі лябараторнага тэсту на COVID-19 ніяк не ўплываюць на лячэньне», — патлумачыла міністэрства.
Як беларусы даюць рады хваробе і ці сапраўды «тэстаў засталося на тры дні»?
«Пра тэст я нават і не пытаўся. Дый у каго? Трэці дзень хварэю дома. У паліклініку да лекара не дабіўся — увесь час у слухаўцы кароткія гудкі. Добра, што мне натуральным чынам сёньня палепшала», — кажа жыхар Гомля.
«У Гомлі тэсты ня робяць цяпер нікому, хіба калі ідзеш рабіць самастойна і платна ў санстанцыю. Там вялізныя чэргі, бо і мэдыкі таксама хварэюць. У санстанцыі пахварэлі і лябаранткі, і санітаркі. У паліклініках у раёнах Гомля ня могуць адмовіць у тэставаньні, скажам, пэнсіянэрцы. І тады яе накіроўваюць у іншую раённую паліклініку. А там разводзяць рукамі. У выніку людзі ідуць у санстанцыю і робяць за грошы», — патлумачыла Свабодзе абазнаная ў сытуацыі крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастрэньне пандэміі COVID-19: студэнтам 6-га курсу мэдыцынскіх ВНУ дазволілі выдаваць даведкі аб непрацаздольнасьціЖыхары Менскага раёну скардзяцца і на тое, што немагчыма здаць тэст, і на цяжкасьці з доступам да мэдычнай дапамогі.
«У нас шмат дзяцей хварэе. На дом да дзяцей лекар не прыяжджаў Кажуць нават з тэмпэратурай несьці дзіця ў паліклініку. Жах што робіцца», — расказала жыхарка раёну.
Яе зямлячка зазначыла, што не атрымала накіраваньня на тэст, хоць і прасіла. «Я правяла выходныя з чалавекам, які захварэў на „карону“, але для нашай амбуляторыі гэта быў не аргумэнт, каб накіраваць мяне на тэст», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі дазволілі ставіць дыягназ «каранавірус» без PCR ці антыген-тэстаўЖыхары Ельску (Гомельская вобласьць) паведамілі, што тэстаў у раённай паліклініцы ня робяць зусім — там кажуць, што тэсты зрабіць можна толькі ў мазырскай санстанцыі, платна. Мазыр ад Ельску — 29 кілямэтраў. «Тэсты мы робім толькі па паказаньнях пры шпіталізацыі», — пераказваюць жыхары тое, што пачулі ў паліклініцы.
Жыхары Менску расказалі, што ня маюць магчымасьці зрабіць тэсты ў сваіх паліклініках. «За апошні месяц хварэла двойчы, але ў тэсьце абодва разы адмовілі. Сказалі, што калі я жадаю даведацца, ці хварэла на каранавірус, мушу ісьці пасьля хваробы ў платную клініку і здаць тэст на антыцелы», — паведаміла жыхарка сталіцы.
Іншая жыхарка Менску схадзіла ў 10-ю паліклініку з сымптомамі хваробы і тэмпэратурай. Там ёй адказалі, што тэста ня будзе, але лекар яе прыме ў «чырвонай зоне». «Але там столькі людзей у чарзе!» — зьдзівілася яна.
Чаму так робіцца? Адна з вэрсій
25 студзеня Аляксандар Лукашэнка праводзіў нараду з супрацоўнікамі Акадэміі навук. На нарадзе абмяркоўвалі, «ці варта ўсіх павальна тэставаць на каранавірус».
«У мяне свая пазыцыя ў гэтым пляне. Цяпер ужо кажуць, што гэты омікрон — нібыта больш лёгкі вірус, да сьмерці прыводзіць рэдка пры нармальным лячэньні, паводзінах чалавека. І я бачу. Сьмяротнасьць кантралюю. Бачу, што ў нас няма гэтай успышкі сьмяротнасьці ў параўнаньні з уздымам гэтага омікрона. І лекары прапануюць: можа, нам не тэставаць усіх? А прапануюць толькі тэставаць тых, у каго ўжо зьявіліся сымптомы», — сказаў Лукашэнка.
Ён зьвярнуўся з просьбай прааналізаваць адпаведную прапанову разам з мэдычнай супольнасьцю.