«Новы Час»: палітвязень Папоў, асуджаны па «справе Ціханоўскага», абвясьціў галадоўку

Дзьмітры Папоў, архіўнае фота

Крыніцы выданьня «Новы Час» паведамляюць, што ў Гомельскім СІЗА абвясьціў галадоўку палітвязень Дзьмітры Папоў.

Якая прычына галадоўкі і як доўга вязень яе трымае, пакуль не вядома. У хуткім часе зь ім плянуе сустрэцца адвакат.

Дзьмітры Папоў — мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни». Грамадзянін Расеі, мае 29 гадоў. Раней ён жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў бармэнам. У Расеі кіраваў праектамі «Мужское государство» і «Сканар». Прыехаў у Беларусь у 2019 годзе. Жыў у Гомлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 113 гадоў турмы на 12 чалавек. Як рэжым Лукашэнкі адпомсьціў блогерам

Зьнік увечары 4 чэрвеня 2020 году. Незадоўга да зьнікненьня Папоў запісаў і апублікаваў відэа, у якім расказаў пра цікавасьць да сябе з боку сілавікоў. Пазьней высьветлілася, што Папова затрымалі ў лесе пад Мазыром — ён хаваўся ў фэрмэра Аляксандра Вянгуры.

Абвінавацілі Дзьмітрыя Папова, як і Ціханоўскага з Сакавым, адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт. 130, 191, 293 і 342 КК) — за арганізацыю масавых беспарадкаў, арганізацыю дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньне варожасьці.

Судзьдзя Мікалай Доля ў закрытым паседжаньні ў Гомельскай турме 14 сьнежня 2021 году прысудзіў грамадзяніну Расеі Дзьмітрыю Папову 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі