Такім чынам, Данія зрабілася першай краінай Эўразьвязу, якая наважылася на такі крок.
Адменена, сярод іншага, патрабаваньне абавязкова насіць маскі і неабходнасьць прад’яўляць ковід-пашпарты ў доказ пройдзенай вакцынацыі ад каранавірусу, перанесенай хваробы, альбо нэгатыўнага тэсту. Можна зноў праводзіць буйныя мерапрыемствы, адкрыць дыскатэкі і начныя клюбы.
Правіла прадʼяўляць пасьведчаньне аб зробленых прышчэпках захоўваецца толькі для падарожнікаў, якія ўяжджаюць у краіну. Таксама будзе дзейнічаць рэкамэндацыя насіць маскі і мець дзейныя сьведчаньні аб прышчэпках для наведвальнікаў бальніц і дамоў састарэлых, каб не рызыкаваць пажылымі людзьмі і тымі, хто мае праблемы са здароўем.
У верасьні Данія ўжо прымала падобнае рашэньне, але каранавірусныя абмежаваньні паступова вярнулі, калі неўзабаве пасьля зьняцьця забаронаў захворваньне пачало рэзка расьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія закрывае пачатковыя школы з прычыны пашырэньня штаму «Омікрон»За апошні тыдзень у Даніі рэгістравалася ад 33 тысяч да 47 тысяч новых выпадкаў COVID-19 за суткі. Як адзначае агенцтва DPA, такія паказчыкі наўрад ці можна было ўявіць да зьяўленьня новага штаму каранавіруса амікрон. Рост, аднак, не прывёў да празьмернай нагрузкі на бальніцы. І галоўную прычыну таго, што мясцовая сыстэма аховы здароўя функцыянуе нармальна, бачаць у высокім узроўні вакцынацыі насельніцтва ад COVID-19. Ужо звыш 60 працэнтаў жыхароў Даніі зрабілі так званы бустэрны ўкол, што на месяц нават апярэджвае ўрадавы графік. У сярэднім па ЭЗ трэцюю вакцыну атрымалі менш за 45 працэнтаў жыхароў.
«З 1 студзеня Данія будзе цалкам адкрытай. Мы гатовы выйсьці з ценю каранавірусу. Мы разьвітваемся з абмежаваньнямі і вітаем тое жыцьцё, якое ведалі раней», — заявіла, усьміхаючыся, прэмʼер-міністар Мэтэ Фрэдэрыксэн.
Шэраг іншых эўрапейскіх краінаў у сувязі зь меншым у параўнаньні з папярэднімі этапамі COVID-19 узроўнем шпіталізацыі хворых таксама анансавалі адмену або значнае скарачэньне санітарных правілаў. Пра рашэньні абвясьцілі Францыя, Ірляндыя, Вялікабрытанія, нягледзячы на рэкордны або вельмі высокі ўзровень захворваньня COVID-19. Рост зьвязваюць з распаўсюджваньнем «амікрон-варыянту», які адмыслоўцы папярэдне называюць больш заразным, але ў меншай ступені здольным выклікаць цяжкі працяг хваробы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі небясьпечны «Омікрон». 8 пытаньняў і адказаў