У Кіеве анансавалі стварэньне новага рэгіянальнага праекту Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны. Зь якой мэтай?

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў пра намер Вялікай Брытаніі, Польшчы і Ўкраіны найбліжэйшым часам падпісаць дакумэнт аб паглыбленай супрацы і бясьпецы ў Эўропе.

«Спадзяюся, што ва ўмовах расейскай агрэсіі, якая трывае, нам удасца распачаць новы рэгіянальны фармат супрацы — Украіна, Польшча, Вялікая Брытанія. Нам варта падпісаць трохбаковы дакумэнт аб супрацы па ўзмацненьні рэгіянальнай бясьпекі», — заявіў Дзяніс Шмыгаль.

У сваю чаргу, прем’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі дадаў, што неабходнасьць стварэньня такога «патройнага» саюзу абумоўленая неабходнасьцю гарантаваць у рэгіёне бясьпеку, якая зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю і ўмовай для разьвіцьця эканамічнай і гуманітарнай сфэраў.

«Мы на сваіх усходніх межах (зь Беларусьсю) адчулі, што такое гібрыдная атака. Вялікая Брытанія — адзін са стратэгічных партнэраў Польшчы. Гэтая краіна — сябра NATO, але знаходзіцца па-за Эўрапейскім Зьвязам. І Вялікая Брытанія на сабе адчула „доўгія рукі“ Расеі ў часе атакі на Скрыпаля і разумее, што такое расейскія спэцслужбы за мяжой. Таму такі фармат будзе вельмі карысны», — патлумачыў польскі прэм’ер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы выказаўся пра Лукашэнку, вучэньні ў Беларусі і новы вайсковы саюз у Эўропе

Матэвуш Маравецкі таксама заявіў, што Польшча найбліжэйшым часам накіруе Ўкраіне вайсковую дапамогу ў выглядзе боепрыпасаў для артылерыі, ракетныя комплексы тыпу Grom, а таксама лёгкія мінамёты і дроны.

«Чым больш будзе дапамогі ўкраінскай арміі з розных краін, тым менш будзе шанцаў на эскаляцыю канфлікту. Хоць мы ўсе разумеем, што гэта залежыць ад аднаго чалавека. Уся Эўропа, увесь сьвет павінны аб’яднацца на аснове такіх каштоўнасьцяў, як непахіснасьць межаў, тэрытарыяльная цэласнасьць і сувэрэнітэт», — перакананы прэм’ер-міністар Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны падпісаў указ аб пераходзе да прафэсійнай арміі і павелічэньні яе колькасьці на 100 тысяч чалавек

Матэвуш Маравецкі падкрэсьліў, што ў выпадку агрэсіі Расеі Польшча гатовая прымаць на лячэньне параненых украінскіх вайскоўцаў, а таксама дапамагчы эвакуаваць цывільных грамадзян Украіны.

Увечары 1 лютага ва Ўкраіне чакаюць зь візытам прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана.