Палітвязень Аляксандар Фядута здолеў паведаміць, што аднавіў прыём лекаў, піша «Народная воля». Пра гэта вучоны-філёляг і палітоляг паведаміў у лісьце зь СІЗА. Прымаць леки ён пачаў з 5 сьнежня.
Раней ён абвясьціў «мэдыкамэнтозны страйк» — адмовіўся прымаць жыцьцёва неабходныя яму лекі, патрабуючы, каб яму вярнулі рукапісы з камэнтарамі да рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
«Лекі я прымаю з 5 сьнежня. Што тут падзейнічала — лісты жонкі, мая перапіска са сьвятарамі, угаворы сукамэрнікаў ці песьня Вакарчука „Я ня здамся без бою“, — ня ведаю. Але ў сукупнасьці вынік ёсьць. Сукамэрнікі зьдзіўлена глядзяць на рознакаляровую жменю таблетак і думаюць: што горш — калі я іх не прымаў ці калі я іх пачаў прымаць зноў?», — піша ў лісьце Аляксандар Фядута.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым займаюцца цяпер апазыцыйныя палітычныя партыі?Адвакатка палітвязьня пасьля паведаміла, што пасьля аднаўленьня прыёму лекаў Аляксандар Фядута стаў выглядаць лепш. І што яму ўсё ж паабяцалі вярнуць рукапісы, калі яго будуць знаёміць з матэрыяламі справы (звычайна гэта адбываецца перад судом).
12 красавіка 2021 году Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве. Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), якая прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.
У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году працаваў у штабе Ўладзімера Някляева. 20 сьнежня 2010-га быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўвязьнены ў адзіночную камэру СІЗА КДБ. Празь пяць месяцаў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. На волю Аляксандар Фядута вынес рукапіс кнігі «Американские стихи», якая ў 2012-м была выдадзена ў Бэрліне (Прэмія імя Францішка Аляхновіча, 2014).
З малюнкаў Паўла Севярынца з-за кратаў пачалі рабіць паштоўкі
Павал Севярынец працягвае дасылаць з-за кратаў кранальныя лісты, малюнкі і верыць у лепшы лес для Беларусі. Днямі жонка палітвязьня Вольга напісала на сваёй старонцы: «Думаю, пара пахваліцца, што ад Паўла Севярынца за апошнія месяцы сабралася яшчэ 10 новых малюнкаў храмаў. Будзем рабіць новыя паштоўкі».
Як расказала «Вясьне» Вольга Севярынец, ідэя маляваць храмы ў Паўла ўзьнікла з традыцыі пісаць сыну асобныя лісты:
«Спачатку Павал маляваў Францішку машынкі і іншы транспарт, у якасьці падарунка, бо Францішак вельмі цікавіцца гэтай тэмай, а пасьля вырашыў, каб таксама „выхоўваць у сына пачуцьцё прыгожага“, маляваць храмы. Людзі дасылалі Паўлу шмат паштовак зь беларускімі краявідамі, ён перамалёўвае храмы зь іх. Калі Павал пачынаў маляваць храмы, мы ня думалі, што будзем рабіць зь імі паштоўкі. Гэта ідэя ўзьнікла неяк сама сабой, калі мы сабралі калекцыю з 10 малюнкаў цэркваў і касьцёлаў. Паштоўкі былі прынятыя вельмі цёпла, было шмат добрых водгукаў і падзякаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы бачым прыкметы таго, як Беларусь сасьпявае». Павал Севярынец пра добрае ў 2021-мЯк расказала Вольга, маляваць Павал пачаў дзесьці праз паўгады як апынуўся за кратамі, зараз блізіцца яго другі год там. За гэты час ён даслаў каля 70 малюнкаў, сярод якіх і партрэты родных. Ён скончыў мастацкую школу, але не маляваў вельмі даўно, хіба са студэнцтва.
Паводле Вольгі, малюнкі — гэта своеасаблівыя дадаткі да лістоў, якія Павал піша сыну. «У лісты да Францішка ён укладае ўсё самае лепшае — настаўляе яго, распавядае гісторыі пра сябе і сваё дзяцінства, вучыць быць сапраўдным беларусам, вернікам, мужчынам», — дадае Вольга.
Жонка палітвязьня кажа, што апошнім часам Павал стараецца маляваць і праваслаўныя цэрквы, і каталіцкія касьцёлы, і пратэстанцкія дамы малітвы. «Марыць ён, каб Беларусь была трыадзінай краінай, дзе няма непаразуменьня ці перадузятасьці між канфэсіямі», — дадала Вольга.