«Літоўскія чыгункі»: апошнія грузы «Беларуськалію» пройдуць празь Літву 31 студзеня

Уначы з панядзелка на аўторак мусіць спыніцца транзыт прадукцыі «Беларуськалію» празь Літву — ад беларускай мяжы да Клайпедзкага порту.

Апошні састаў зь беларускімі калійнымі угнаеньнямі мусіць прайсьці празь Літву 31 студзеня каля 19-20 гадзін.

Пра гэта паведамляе прадстаўнік «Літоўскіх чыгунак» Мантас Дубаўскас.

Звычайна празь Літву праходзяць каля 6-7 саставаў зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі па 60 вагонаў кожны.

Пасьля таго, як «Літоўскія чыгункі» ў сярэдзіне студзеня паведамілі «Беларуськалію» аб скасаваньні кантракту, з 1 лютага кампанія атрымала ня менш за пяць заявак на перавозку ўгнаеньняў ад розных прэтэндэнтаў, але ніводную зь іх не ўхвалілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» падаў скаргу ў Віленскі суд на спыненьне транзыту калійных угнаеньняў празь Літву

Міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс таксама гаворыць, што ў яго няма інфармацыі аб грузах угнаеньняў, якія адпраўляюцца пасьля 1 лютага.

«На гэты момант мне нічога не вядома пра далейшы іх маршрут», — сказаў BNS міністар у нядзелю.

Аднак некаторыя крыніцы BNS не выключаюць, што сытуацыя можа зьмяніцца, калі, напрыклад, суд прыпыніць дзеяньне пастановы ўраду.