«У Беларусі назіраецца рост захворваньня на вострыя рэспіраторныя і каранавірусную інфэкцыю. На сёньняшні момант большасьць пацыентаў хварэюць у хатніх умовах, у сувязі з чым, як і меркавалася, узрасла нагрузка на амбуляторна-паліклінічную і пэдыятрычную службы», — паведамляе міністэрства на сваім сайце.
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя ўдакладняюць, што сытуацыя кантралюецца, а сыстэма аховы здароўя падрыхтаваная да такой нагрузкі.
Пры гэтым раніцай 31 студзеня «Наша ніва» апублікавала фатаздымкі вялікіх чэргаў у беларускія паліклінікі.
Таксама тэлеграм-каналы паведамляюць аб вялікім росьце захворвальнасьці на каранавірусную інфэкцыю ў школах, сярод лекараў і сярод дзяцей.
Паведамляецца, што ў некаторых клясах на заняткі ходзяць толькі ад 2 да 10 вучняў (пры нармальнай колькасьці ў 25 вучняў), а таксама, што ў некаторых паліклініках Менску вельмі шмат дзяцей з каранавіруснай інфэкцыяй.
Апошнія два дні міністэрства публікавала рэкордныя лічбы хворых на каранавірус. 30 студзеня афіцыйна зафіксавалі 2387 выпадкаў захворваньня, многія экспэрты не даюць веры гэтым зьвесткам , лічаць іх заніжанымі.