У Віцебскай вобласьці сайты большасьці райвыканкамаў ужо апублікавалі інфармацыю аб складзе выбарчых камісій на рэфэрэндуме.
На 338 чальцоў камісій, у тым ліку і Віцебскай абласной, прыпадае 11 сяброў Камуністычнай партыі Беларусі, што складае каля 3% ад агульнай іх колькасьці. Сяброў іншых партый, як апазыцыйных, так і праўладных, няма.
У Берасьцейскай вобласьці інфармацыю аб камісіях па рэфэрэндуме публікуюць выбарачна. Некаторыя раёны паведамляюць толькі аб тым, што яна сфармавалася, бязь зьвестак пра сяброў камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны варыянт — застацца ў абодвух крэслах адразу». Ці патрэбны Лукашэнку канстытуцыйны рэфэрэндумНапрыклад, у Берасьцейскім раёне ў камісію з 11 чалавек уваходзяць прадстаўнікі «Белай Русі», «Беларускага фонду міру», «Саюзу жанчын» і Камуністычнай партыі Беларусі.
Усе 17 створаных раённых камісій па рэфэрэндуме ў Горадзенскай вобласьці разьмешчаныя ў будынках райвыканкамаў. Толькі Кастрычніцкая і Ленінская раённыя камісіі Гародні ў будынках ВНУ.
У склад усіх раённых камісій увайшлі пераважна дзяржаўныя службоўцы: кіраўнікі справамі райвыканкамаў, супрацоўнікі, начальнікі аддзелаў, спэцыялісты органаў выканаўчай улады, якія вылучаліся, як правіла, двума спосабамі: ад праўладных грамадзкіх арганізацый і дзяржарганізацый, (БРСМ, «Белая Русь», БСЖ, Фонд міру, арганізацыі вэтэранаў, у тым ліку вайны ў Афганістане) і па заявах грамадзян.
У некаторыя камісіі дзяржслужбоўцы вылучаліся толькі па заявах грамадзян.
Ствараліся раённыя камісіі па рэфэрэндуму на безальтэрнатыўнай аснове. У кожную камісію ўключылі сяброў КПБ.
У складзе Горадзенскай абласной камісіі 13 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі КПБ, Саюзу жанчын, прафэсійных саюзаў, трох чальцоў вылучылі шляхам падачы заяваў грамадзяне.