Як вынікае з пастановы, у сьпіс краінаў, зь якіх нельга пастаўляць прадукты харчаваньня, уключаныя Сэрбія і Ліхтэнштэйн. Першапачаткова ў сьпіс былі ўключаны краіны Эўразьвязу, а таксама ЗША, Канада, Нарвэгія, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя і Швайцарыя.
У той жа час зь пераліку забароненых тавараў прыбралі соль, а таксама пазыцыю «іншыя харчовыя прадукты». Згодна з заўвагамі да дакумэнту, са сьпісу выключылі тавары, прызначаныя для вытворчасьці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчаваньня («пры пацьвярджэньні мэтавага прызначэньня тавару, які ўвозіцца»), біялягічна актыўных дабавак да ежы, лекавых прэпаратаў, у тым ліку гамеапатычных, вітамінаў, мінэралаў, вітамінна-мінэральных комплексаў і мэдыцынскіх вырабаў.
Пералік санкцыйных тавараў быў скарочаны менш чым празь месяц пасьля пачатку дзеяньня «контрсанкцый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі адказаў на заходнія санкцыі: сьвіньні ня ўедуць ні жывыя, ні мёртвыя. Рэакцыя сацсетакАд 1 студзеня 2022 году Беларусь увяла харчовае эмбарга на ўвоз тавараў з краінаў, якія, паводле ўраду, нібыта рэалізуюць «дыскрымінацыйную палітыку і ажыцьцяўляюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі». Рашэньне было прынятае ўсьлед за прыняцьцем Эўразьвязам пятага пакету санкцый па Беларусі, у які ўвайшлі 17 фізычных асобаў і 11 арганізацый (агульная колькасьць фігурантаў дасягнула 183 чалавек і 26 суб’ектаў гаспадараньня). У выпадку «далейшых дэструктыўных дзеяньняў адносна Беларусі» афіцыйны Менск прыгразіў пашырыць пералік забароненых тавараў.
У пераліку 18 пазыцый: мяса буйной рагатай жывёлы, сьвініна, малако і малочная прадукцыя, садавіна, арэхі, каўбасы, кандытарскія вырабы, агародніна і г. д. Згодна са статыстыкай Савету Міністраў, за 2021 год Беларусь паставіла з краін санкцыйнага сьпісу харчовых тавараў на паўмільярда даляраў і пад абмежаваньні трапляюць якраз пазыцыі, якія фармуюць аснову гэтага імпарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Захаду пагражаюць контрасанкцыі ад Беларусі. Разьбіраемся