Менш за тры гадзіны працягваўся зварот Аляксандра Лукашэнкі да грамадзян, а потым адказы на пытаньні запрошаных. Лукашэнка выказаўся на самыя розныя грамадзкія тэмы. Праверылі некаторыя ягоныя выказваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна будзе, але ў двух выпадках», — Лукашэнка выступіў з пасланьнем
Пра прыватызацыю ў праграме апазыцыі
Што казаў Лукашэнка:
«Давайце на хвіліну ўявім, што магло адбыцца, калі б у выніку пратэставага галасаваньня да ўлады раптам прыйшлі „зьбеглыя“. Нагадаю вам. У сваёй праграме яны хацелі пад выглядам шырокамаштабнай прыватызацыі і разьвіцьця рынку зямлі (як ва Ўкраіне цяпер) правесьці рэструктурызацыю, частковую і поўную прыватызацыю вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, а па сутнасьці — кантраляваны распродаж сельгасугодзьдзяў і флягманаў прамысловасьці. Усё было падзелена. Каму і на якіх умовах, мы ўжо цудоўна бачым».
Што вядома дакладна:
У перадвыбарчай праграме Сьвятланы Ціханоўскай не было нічога аб прыватызацыі прадпрыемстваў. У праграме кандыдаткі гаварылася аб стварэньні новых працоўных месцаў унутры Беларусі. «Прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы павінны працягнуць працаваць. Са стратнымі павінны разабрацца прафэсіяналы», — было запісана ў дакумэнце. Больш за тое, на пачатку 2021 году Ціханоўская выступала супраць прыватызацыі такіх буйных прадпрыемстваў, як БМЗ, «Гродна Азот» і «Беларуськалій».
Пра NATO і забарону рускай мовы
Што казаў Лукашэнка:
«Яны цягнулі Беларусь у NATO, прапаноўвалі поўнасьцю перайсьці на натаўскія стандарты. Больш за тое, яны хацелі адмовіцца ад рускай мовы, прысягнуць экстрэмісцкім сымбалям, арганізаваць масавы знос помнікаў. Адзін з пунктаў — царкоўны раскол на ўзор украінскай аўтакефаліі».
Што вядома дакладна:
Ніводнага разу ні Ціханоўская, ні Бабарыка, ні Цапкала не гаварылі пра ўступленьне Беларусі ў NATO, а таксама пра адмову ад рускай мовы. Не ўздымаліся дадзенымі палітыкамі і пытаньні зносу помнікаў, а таксама царкоўнай аўтакефаліі. Няма гэтых пунктаў і ў праграме Сьвятланы Ціханоўскай. Пытаньне дзяржаўных сымбаляў, як сказана ў яе праграме, пазьней павінен вызначыць сам народ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улада Лукашэнкі выкараняла беларускую мову. 10 фактаў і прыкладаў з гісторыі
Пра прычыну санкцый
Што казаў Лукашэнка:
«Санкцыі — традыцыйная практыка сусьветнага манапаліста: ЗША і іх саюзьніка — Эўрапейскага Зьвязу. Менавіта такім чынам заўжды спрабавалі вырашаць пытаньні з канкурэнтамі. Атакуючы нас, спрабуюць выціснуць з рынку нашы флягманы прамысловасьці».
Што вядома дакладна:
Насамрэч санкцыі супраць беларускіх уладаў краінамі Захаду прымаюцца праз сыстэмнае парушэньне правоў чалавека ўнутры краіны, заахвочваньне міграцыйнага крызісу і інцыдэнт з самалётам ірляндзкай авіякампаніі Ryanair.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Эўразьвяз, Канада і Вялікая Брытанія ў супольнай заяве патлумачылі новыя санкцыі
Пра барацьбу з каранавірусам
Што казаў Лукашэнка:
«Хто толькі нас не крытыкаваў наконт каранавірусу, а сёньня ўвесь сьвет ідзе па беларускім шляху. І яны ня могуць нам прабачыць тое, што сёньня самі змушаныя гэты шлях паўтараць, прызнаючы такім чынам нашу правату. Але які цынізм: укараняючы ў барацьбе зь вірусам беларускі досьвед, працягваюць нас за гэты адмысловы шлях лячэньня душыць. Гэта адна з прычын ціску на нас».
Што вядома дакладна:
Ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах існуе абавязковы масачны рэжым у грамадзкіх месцах і транспарце. У Беларусі ж Лукашэнка асабіста раскрытыкаваў рашэньне менскіх гарадзкіх уладаў увесьці масачны рэжым, пасьля гэта ён у сталіцы быў адменены. Кіраўнікі суседніх краін тлумачаць людзям неабходнасьць вакцынацыі, як яна можа дапамагчы ў барацьбе з каранавірусам. Лукашэнка ж лічыць, што вакцынацыя — асабістая справа кожнага чалавека. Паводле ягоных словаў, сам ён прышчэпкі не рабіў. Многія краіны па сёньня абвяшчаюць локдаўны (агульнакраінавыя і лякальныя) у барацьбе з хваробай. У Беларусі такіх мер ніколі не прымалася.
Пра ковід-межы
Што казаў Лукашэнка:
«Сытуацыі з татальнымі локдаўнамі і ковід-межамі паказваюць глыбіню расколу паміж заходнімі элітамі і народам. Мы ж навучыліся жыць з пандэміяй без надзвычайных крокаў».
Што вядома дакладна:
Калі Эўропа вяртаецца да адкрытых межаў і вольнага перасоўваньня між краінамі, то наземныя межы Беларусі закрытыя ўжо больш як год — ад 21 сьнежня 2020 году. Гэта тлумачылася імкненьнем спыніць распаўсюд пандэміі каранавірусу. Грамадзяне Беларусі ня маюць магчымасьці вольна ехаць у Польшчу, Літву, Латвію ці Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады не плянуюць адмяняць абмежаваньні на выезд зь Беларусі, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя
Пра сотні тысяч забітых на мяжы
Што казаў Лукашэнка:
«Зьбеглы вайсковец жудасныя рэчы апавядае. Гэтыя мярзотнікі арганізавалі паляваньне на людзей, паляваньне! У лясах бегалі і расстрэльвалі. Сотні, сотні тысяч людзей, якія шукалі шчасьця ў Эўропе, куды іх паклікалі, былі расстраляныя ў лясах і закапаныя ў магілы. Або гэта не фашызм?»
Што вядома дакладна:
У сьнежні ў Беларусь уцёк польскі вайсковец Эміль Чэчка, у Польшчы ён меў праблемы з законам. У інтэрвію для беларускіх дзяржаўных СМІ Чэчка казаў пра 240 забітых на мяжы мігрантаў, нібыта ў дзесяці забойствах ён асабіста прымаў удзел. Тым ня менш гэтыя словы Чэчкі нічым не былі пацьверджаныя. Ніякіх доказаў таго, што польскія памежнікі забівалі людзей, не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Памежнага камітэту Беларусі аддаў каманду без папярэджаньня ўжываць зброю і патлумачыў, калі
Пра мірныя пратэсты
Што казаў Лукашэнка:
«У ход пайшлі інфармацыйныя маніпуляцыі, заклікі да гвалту, падрыхтоўка баевікоў і тэрарыстаў, увоз зброі і боепрыпасаў. Апошняе працягваецца да гэтага часу. Ну і, у рэшце рэшт, арганізацыя зусім ня мірных пратэстаў у жніўні 2020-га».
Што вядома дакладна:
Падчас шматтысячных пратэстаў 2020 году дэманстранты не перакулілі ніводнага аўтамабіля, нічога не спалілі, не выкарыстоўвалі зброі. Адзіныя шкляныя дзьверы падчас пратэстаў разьбіў тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў. Мірны характар пратэстаў быў засьведчаны шматлікімі беларускімі і замежнымі журналістамі і назіральнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура: у справах за пратэсты асудзілі больш за 1,6 тысячы чалавек. За сьмерці і катаваньні пратэстоўцаў спраў няма
Пра згуртаванасьць у Год народнага адзінства
Што казаў Лукашэнка:
«Год народнага адзінства паказаў усяму сьвету згуртаванасьць і стойкасьць беларусаў».
Што вядома дакладна:
У год народнага адзінства колькасьць палітвязьняў у Беларусі перавысіла тысячу чалавек. Гэтулькі палітычных зьняволеных яшчэ ніколі не было ў Беларусі. Былі ліквідаваныя каля 300 недзяржаўных арганізацый. Былі закрытыя ці выціснутыя за мяжу амаль усе незалежныя СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш за 1000 палітвязьняў
Пра «крэсы ўсходнія»
Што казаў Лукашэнка:
«Ім [палякам] патрэбная ўся Беларусь, а ня толькі «Ўсходнія крэсы».
Што вядома дакладна:
Польскія палітычныя эліты, у тым ліку і дэпутаты парлямэнту, і прадстаўнікі ўраду, ня ставяць пытаньня далучэньня да іх краіны беларускіх земляў. Такія пытаньні ўздымаюць час ад часу зусім маргінальныя групы, якія часта спансуюцца спэцслужбамі іншых краін. Затое пра варыянт далучэньня Беларусі «фэдэральнай акругай ці шасьцю абласьцямі» гаварыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, а таксама многія расейскія палітыкі.
Пра затрыманых вагнэраўцаў
Што казаў Лукашэнка:
«Спрабавалі пасварыць два брацкія народы напярэдадні выбараў. Гэтыя 33 багатыры, пра якіх гавораць ужо, правялі нібыта на Захадзе, ва Ўкраіне расьсьледаваньне. Аказваецца, гэта была правакацыя Захаду, ЗША, каб канчаткова настроіць беларускага прэзыдэнта ў момант выбараў супраць Расеі».
Што вядома дакладна:
Гаворка пра расьсьледаваньне Bellingcat аб арыштаваных у ліпені 2020 году ў Беларусі байцоў ПВК «Вагнэра». У гэтым матэрыяле гаворыцца, што гэта была апэрацыя ўкраінскіх спэцслужбаў, каб вывабіць на іх тэрыторыю людзей, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе. У расьсьледаваньні не гаворыцца пра мэты пасварыць Беларусь і Расею. Гэта беларускія спэцслужбы паведамілі, што затрыманыя знаходзіліся ў нашай краіне з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі напярэдадні выбараў. У верасьні «вагнэраўцаў» адправілі назад у Расею, перад імі асабіста выбачаўся старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дапамога ЦРУ і выцек інфармацыі з Кіева ў Менск. Былы чыноўнік СБУ пра дэталі правалу апэрацыі з вагнэраўцамі ў БеларусіПра арганізацыю пратэстаў праз Гугл і Майкрасофт
Што казаў Лукашэнка:
«У нас сёньня гэты Парк высокіх тэхналёгій стварае прадукт, зьяўляючыся філіялам буйных прадпрыемстваў ЗША і іншых. Там гэтыя гуглы, майкрасофты і іншае, а тут іх філіялы. І зразумела, што спэцслужбы давалі ўказаньне (гэта ўжо ўстаноўлена). Там у матчынай кампаніі яны давалі каманду сюды, фінансавалі цалкам легальна і давалі ім каманду: «На вуліцу, змагацца, зрываць, ламаць і разбураць».
Што вядома дакладна:
У беларускім IT-сэгмэнце працуюць дзясяткі тысяч чалавек, але ніводнае падобнае сьведчаньне ніколі не было прадстаўлена грамадзкасьці. Найвялікшыя ў сьвеце ІТ-карпарацыі, пра якія згадаў Лукашэнка, ня маюць прадстаўніцтваў у Беларусі.