Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг адпрэчыў патрабаваньне Расеі аб гарантыях непрыняцьця Украіны ў склад альянсу.
«Мы ня пойдзем на кампрамісы па асноўных прынцыпах. Гэта датычыць і права якой-небудзь краіны на прыём у склад NATO», — сказаў ён 26 студзеня пасьля перадачы амбасадару Расеі ў Брусэлі пісьмовага адказу альянсу на патрабаваньні Расеі аб «гарантыях бясьпекі».
Адначасова Столтэнбэрг падкрэсьліў гатоўнасьць выслухаць асьцярогі Расеі ў сфэры бясьпекі. Ён заклікаў Крэмль зноў адкрыць прадстаўніцтвы NATO і Расеі ў Брусэлі і Маскве.
Раней 26 студзеня адказ на патрабаваньні Расеі наконт «гарантый бясьпекі» перадаў МЗС Расеі амбасадар ЗША ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар ЗША прывёз у МЗС Расеі адказ на патрабаваньні гарантыяў бясьпекі