Саюз перакладчыкаў Літвы абвясьціў 2022-і Годам беларускай літаратуры

Імша ў праскай базыліцы з нагоды 500-годзьдзя выданьня першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім, студзень 2022

Штуршок гэтаму дала 500-я гадавіна з дня нараджэньня полацкага грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага Францішка Скарыны.

Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», чым паклаў пачатак кнігадрукаваньню ў ВКЛ. Пастановай Сойму Літвы гэты год абвешчаны Годам Францішка Скарыны.

«Яшчэ адна прычына — імкненьне у гэты нялёгкі для Беларусі час падтрымаць беларускіх пісьменьнікаў і перакладчыкаў і прыцягнуць увагу нашага чытацкага грамадзтва да літаратуры суседзяў, якая апынулася нібыта на ўзбочыне цягам гэтых трох дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці, калі ўвага перакладчыкаў і выдаўцоў была засяродзіўшыся на літаратурах Захаду», — гаворыцца ў прэс-рэлізе аб’яднаньня перакладчыкаў.

Нават пасьля 2015 году, калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, сытуацыя амаль не зьмянілася. Пераклалі і выдалі найбольш важныя кнігі Алексіевіч, але на гэтым цікавасьць да беларускай літаратуры скончылася. Таму ў Саюзе перакладчыкаў спадзяюцца, што праект Году беларускай літаратуры прыцягне ўвагу і перакладчыкаў, і выдаўцоў, і чытачоў да літаратуры суседзяў.

У рамках праекту ў 2022 годзе плянуецца:

25 сакавіка з нагоды Дня незалежнасьці ў Доме сыгнатараў Акту незалежнасьці Літвы ў Вільні пройдзе вечарына паэзіі і музыкі з удзелам літопўскіх і беларускіх паэтаў і перакладчыкаў, беларускіх студэнтаў з ЭГУ.

Разам з рэдакцыяй літаратурнага месячніка «Metai» будзе падрыхтаваны супольны 8-9 нумар часопіса, прысьвечаны беларускай літаратуры. Там плянуюць апублікаваць аглядны артыкул Андрэя Хадановіча пра сучасную беларускую літаратуру і яе стваральнікаў, артыкул Ірэны Аляксайце аб сучаснай беларускай драматургіі, урывак з раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», пераклады твораў беларускіх паэтаў.

Заплянаванае выданьне анталёгіі сучаснай беларускай паэзіі.

У кастрычніку ў Друскеніках пройдзе сэмінар літоўскіх і беларускіх перакладчыкаў.

На пачатку сьнежня адбудзецца вечарына памяці ганаровага сябра Саюзу пісьменьнікаў Літвы Алеся Разанава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Вялікі эўрапейскі гуманіст». У гарадах Эўразьвязу і Беларусі адслужылі імшу за Скарыну. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН правёў устаноўчы сход за мяжой і выступіў з маніфэстам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часопіс Forbes уключыў Алексіевіч у топ-50 пасьпяховых жанчын, старэйшых за 50 гадоў