«Калі на працягу сутак гандаль не навядзе парадак на прылеглых тэрыторыях і не забясьпечыць бясьпеку пакупнікоў, праца аб’ектаў гандлю будзе прымусова спынена», — гаворыцца ў паведамленьні Менгарвыканкаму.
Глядзім, каго і калі ўлады Менску клікалі на дапамогу, каб прыбраць сьнег.
СМС з заклікам прыбраць сьнег
14 студзеня 2016 году многія жыхары Менску атрымалі СМС наступнага зьместу: «Пераканаўча просім прыбраць сьнег каля машынамесцаў і ў дварах. Гарвыканкам».
Такія паведамленьні тады атрымалі ня толькі аўтааматары, а і гараджане, якія машын ня маюць. Як высьветлілася, гэта была ініцыятыва Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, якую падтрымалі мабільныя апэратары.
Тады СМС узрушыла многіх гараджан, а чыноўнікі некалькі дзён тлумачылі, што «іхная ідэя добрая». Праўда, такіх СМС больш не рассылалі.
Улёткі з заклікам прыбіраць сьнег
Тады ж, у 2016 годзе, на зьмену СМС прыйшлі ўлёткі на пад’ездах. Іх пачалі расклейваць адміністрацыі раёнаў. Зьмест быў наступны:
«У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я і моцнымі сьнегападамі запрашаем Вас прыняць удзел у прыборцы па расчыстцы сьнегу на ўнутрыдваровых тэрыторыях. Для атрыманьня інвэнтару зьвяртайцеся ў ЖЭС па месцы жыхарства».
Партыі, грамадзкія аб’яднаньні і прадпрыемствы — на прыбіраньне сьнегу
Тады ж розныя адміністрацыйныя ўстановы гораду зьмяшчалі заклікі прыбіраць сьнег на сваіх сайтах. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, напрыклад, паклікала прыбіраць сьнег проста ўсіх:
«Лічым, што камітэты тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, студэнты і навучэнцы, працоўныя калектывы ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёну, грамадзкія абʼяднаньні і палітычныя партыі павінны выканаць грамадзянскі абавязак, прадэманстраваўшы сваю зацікаўленасьць у агульнай справе», — напісалі чыноўнікі на сайце адміністрацыі Савецкага раёну.
Таксама аўтары звароту прыгразілі грамадзянам штрафам за непрыбраны сьнег вакол аўтамабіля на адлегласьці адзін мэтар. Штраф — ад 5 да 25 базавых велічыняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля СМС з заклікам прыбіраць сьнег на 101 абрынуўся шквал званкоўДзень прыбіраньня сьнегу
5 студзеня 2021 году менскія ўлады абвясьцілі днём прыбіраньня сьнегу. Кіраўнік Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч заклікаў жыхароў Менску «выйсьці на расчыстку сьнегу пасьля сьнегападаў».
«Субʼекты гаспадараньня павінны папрацаваць на сваіх замацаваных тэрыторыях. Але і аўтаўладальнікаў заклікаю ўзяць у рукі рыдлёўкі і расчысьціць парковачныя месцы ў дварах. Сёньня дзень навядзеньня парадку ў Менску», — сказаў тады Дараховіч.
Праз чатыры дні ідэю, што гараджане мусяць дапамагаць прыбіраць сьнег, агучыў Лукашэнка.
«У горадзе людзей трэба арганізаваць, калі трэба — дапамагчы прыладамі і выразна людзям сказаць: паслухайце, сытуацыя такая — вось гэтая тэрыторыя за вамі, а гэта мы вам будзем чысьціць», — сказаў тады Лукашэнка.
Праўда, масава на дапамогу ўладам у барацьбе са сьнегам людзі так і ня выйшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое ў шпіталі, пашкоджаныя 32 аўтамабілі, сотні населеных пунктаў — безь сьвятла: МНС пра наступствы ўраганнага ветруКолькі каштуе прыбіраць сьнег
У 2022 годзе на жыльлёва-камунальныя паслугі і будаўніцтва ў бюджэце Менску закладзена сума 1,036 мільярда рублёў, або 400 мільёнаў даляраў. 7,2% гэтай сумы, або 28,8 мільёна даляраў, ідзе на добраўпарадкаваньне, у тым ліку і на прыбіраньне сьнегу.Улады Менску не казалі, колькі трацяць на прыбіраньне сьнегу. Для параўнаньня: у 2017 годзе ўлады Кіева падлічвалі, што на прыбіраньне сьнегу ў іх ідзе 252 мільёны грыўняў на год, або каля 9,2 мільёна даляраў па тагачасным курсе. Менск па плошчы ў 2,4 раза меншы за Кіеў.