ЦВК назваў даты датэрміновага галасаваньня на рэфэрэндуме аб Канстытуцыі

Пратэставы надпіс супраць прапановаў улады, вынесеных на рэфэрэндум аб Канстытуцыі

Улады традыцыйна арганізуюць датэрміновае галасаваньне перад асноўным днём рэфэрэндуму, на якім могуць прыняць прапанаваную Лукашэнкам рэдакцыю Канстытуцыі.

Беларусы змогуць датэрмінова прагаласаваць на рэфэрэндуме аб праекце Канстытуцыі, паведаміў намесьнік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы апарату Цэнтравыбаркаму Беларусі Іван Таўкач на тэлеканале СТБ, піша Zerkalo.io.

Паводле яго, будзе арганізавана як датэрміновае галасаваньне, так і асноўны дзень волевыяўленьня.

«Час такі самы — з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00 з аўторка па суботу, і ў нядзелю — асноўны дзень галасаваньня. Тут нічога не мяняецца», — сказаў Таўкач.

Такім чынам, дні датэрміновага галасаваньня: з аўторка, 22 лютага, па суботу, 26 лютага, уключна.

Чыноўнік таксама заявіў, што на правядзеньне рэфэрэндуму выдаткавана больш за 20 мільёнаў рублёў зь бюджэту. Папярэднія вынікі канстытуцыйнага рэфэрэндуму будуць вядомыя да раніцы 28 лютага, а канчатковыя — у першы тыдзень сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Гары Паганяйла скардзіцца ў Вярхоўны суд на ўказ аб правядзеньні рэфэрэндуму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чупрыс: Сумяшчаць прэзыдэнцтва і старшынства ў Народным сходзе зможа толькі Лукашэнка