Ва Ўкраіне затрымалі паліцэйскага, які вымагаў у беларуса хабар. Завялі крымінальную справу

Паліцыя Ўкраіны

У Івана-Франкоўскай вобласьці затрымалі кіраўніка аднаго са структурных падразьдзяленьняў абласнога ўпраўленьня паліцыі за вымаганьне ў грамадзяніна Беларусі 5 тысячаў даляраў за дапамогу ў падоўжаньні віду на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

Як паведамілі ў Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў Украіны, паліцэйскага затрымалі 22 студзеня ў часе перадачы яму грошай.

Паводле сьледзтва, паліцэйскі абяцаў за 5 тысячаў даляраў накіраваць у міграцыйную службу пазытыўныя рэкамэндацыі для падоўжаньня тэрміну дзеяньня віду на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

Сьледчыя канфіскавалі грошы і завялі крымінальную справу паводле факту атрыманьня хабара. Згодна з заканадаўствам, паліцэйскаму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Заканадаўства Ўкраіны дазваляе заводзіць крымінальныя справы і ў дачыненьні да тых грамадзян, якія прапануюць хабар. Аднак у Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў не ўдакладнілі, ці пагражае грамадзяніну Беларусі крымінальная адказнасьць за хабар украінскаму паліцэйскаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Брытанія эвакуююць частку сваіх дыпляматаў з Кіева. У МЗС Украіны лічаць гэтыя крокі заўчаснымі