Польшча прыняла амаль 15 тысяч беларусаў, якія раней пакінулі радзіму з палітычных матываў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, паведаміў кіраўнік польскага МЗС Марыюш Каміньскі на міжнароднай канфэрэнцыі аб ахове межаў Эўразьвязу, якая адбылася ў Вільні, піша Wpolityce.pl.
Польскі палітык адзначыў, што Польшча з часу сфальшаваных выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году прыняла амаль 15 тысяч беларусаў, якія вымушаныя былі ўцякаць са сваёй краіны ад перасьледу «постсавецкага рэжыму Лукашэнкі».
Каміньскі ўспомніў мігранцкі крызіс, які адбыўся летась на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу.
«Дыктатар хацеў дэстабілізаваць сытуацыю ў нашых краінах, але насамрэч яго мэты ішлі далей. Ён павінен быў успомніць 2015 год і дзясяткі тысяч мігрантаў, а не ўцекачоў, якія штурмавалі нашы межы, гэта павінна было быць пачаткам. Калі б яны прайшлі, мы б мелі справу з сотнямі тысяч. Яго мэта была зразумелая: ён хацеў міжнароднага прызнаньня свайго незаконнага прэзыдэнцтва, хацеў пачаць перамовы з Эўразьвязам і хацеў, каб зьнялі санкцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычнага ўцекача зь Беларусі ў Польшчы судзяць за нелегальны пераход мяжы: «У мяне не было выбару, я хацеў уратаваць сваё жыцьцё»Паводле польскага міністра, Лукашэнка такім чынам помсьціў Польшчы, Літве і Латвіі таксама і за падтрымку, якую тыя прадаставілі беларускай апазыцыі, але «дзякуючы рашучым дзеяньням урадаў Літвы, Латвіі і Польшчы Лукашэнка не дасягнуў сваіх мэт».
Каміньскі адзначыў, што такія дзеячы будуць намагацца выкарыстаць любую слабасьць Эўразьвязу і патлумачыў розьніцу паміж мігрантам і ўцекачом.
«Паміж мігрантамі і ўцекачамі ёсьць прынцыповая розьніца. Польшча ніколі не адмовіцца прыняць уцекача, чалавека, які з палітычных матываў, баючыся за сваё здароўе і жыцьцё, вымушаны пакінуць сваю краіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За першыя тыдні 2022 году ў Нямеччыне затрымалі 221 мігранта, які трапіў у краіну празь БеларусьНа канфэрэнцыі ў Вільні сабраліся прадстаўнікі 16 дзяржаў — Аўстрыі, Баўгарыі, Харватыі, Кіпру, Даніі, Эстоніі, Грэцыі, Вугоршчыны, Ірляндыі, Латвіі, Літвы, Мальты, Польшчы, Румыніі, Славаччыны і Славеніі. У якасьці рэзюмэ сустрэчы палітычныя прадстаўнікі названых краін прынялі заяву пра неабходнасьць умацоўваць і ахоўваць межы Эўразьвязу, адказваючы на правакацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча падпісала дамовы на пабудову сьцяны на мяжы зь Беларусьсю