«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.
Маштабы разбурэньняў
Наступная малавядомая старонка менскай гісторыі часоў акупацыі — маштабы разбурэньняў. Горад, які ўбачылі немцы, увайшоўшы ў яго ў канцы чэрвеня 1941 году, і горад, які яны пакінулі ў канцы чэрвеня 1944 году — гэта розныя плянэты.
У першыя дні акупацыі мураваны цэнтар гораду ўяўляў сабой спаленыя вуліцы зь дзе-нідзе разбуранымі дамамі. У 1944 годзе цэнтар Менску быў разбураны непараўнана больш — шмат якія кварталы ператварыліся ў руіны або ў пакрытыя будаўнічым друзам і бур’яном пусткі. Некаторыя відавочцы мэтафарычна казалі, што ад вакзалу можна было бачыць «вілы» — раён сучаснай плошчы Якуба Коласа.
Гэта тлумачыцца тым, што ў першыя дні вайны галоўную шкоду мураванай забудове цэнтру гораду нанесьлі менавіта пажары і падпалы, а ня ўласна фугасныя бомбы. Гэтым тлумачыцца той факт, што маштабы разбурэньняў у першыя дні акупацыі былі несувымерныя з тымі, што мы бачым ужо празь некалькі месяцаў нямецкага гаспадараньня ў горадзе, а тым больш з тымі, што мелі месца ў наступныя гады.
Менавіта таму разбурэньні гарадзкой забудовы, іх маштабы і прычыны — гэта другая малавядомая старонка ў гісторыі менскай архітэктуры часоў нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў.
Часам можна сустрэць цьверджаньні, што, прыйшоўшы ў Менск, само нямецкае камандаваньне было ўражана маштабам разбурэньняў і нават дасылала ў Бэрлін дэпэшы, у якіх выказвала незадавальненьне дзеяньнямі авіяцыі, маўляў, цяпер няма дзе расьсяляць новую адміністрацыю і войскі. Між тым дасьледчыца гісторыі Менску часоў акупацыі Галіна Кнацько прыводзіць некаторыя зь нямецкіх ацэнак першых дзён акупацыі, зь якіх вынікае, што панікі ў немцаў не было:
«В отчете о служебной командировке на восточный фронт начальник штаба ведомства экономики и вооружения отмечал, что город Минск сгорел на 80 процентов. А начальник хозяйственной команды Минска подполковник Урбих на совещании, проведенном хозяйственной инспекцией „Центр“ в июле 1941 г. в Минске, указывал, что несмотря на то, что город разрушен на 97% и сгорел, все же уцелели пригодные для расквартирования большие здания партийных органов».
Тут падпалкоўнік Урбіх, уражаны тым, што ўбачыў у Менску, называе фантастычную лічбу 97% разбураных будынкаў, але адначасова сам сабе супярэчыць, заяўляючы, што расквартараваць войскі і адміністрацыю ўсё ж можна.
А вось яшчэ адна зь нямецкіх ацэнак. Яе 12 лістапада 1941 году прывяла «Менская газэта»:
«Нямецкія ваенныя карэспандэнты сьцьвярджалі, што сталіца Беларусі — горад Менск — быў далёка больш зьнішчаны ваеннымі дзеяньнямі, чымся Варшава, Ротэрдам і Дункерк, дзе адбываліся найвялікшыя баі. Цэнтр гораду сапраўды выглядаў страшэнна. Тырчалі адно — каміны, разваленыя муры і печы. Усе вялікшыя дамы, электрастанцыі, водаправод, тэлефоны былі разьбітыя. Усе фабрыкі й заводы спынілі працу. Гараж з трамваямі спалены. Транспарту не засталося ніякага. Вуліцы заваленыя друзам».
Але пра сапраўдныя разбурэньні гораду найлепш сьведчаць нямецкія фатаздымкі гораду 1941 году, многія зь якіх да нядаўняга часу былі невядомыя беларускім гісторыкам. І, натуральна, ніхто іх раней спэцыяльна не вывучаў і не аналізаваў.
Найперш — пра разбурэньні ў гістарычнай частцы гораду паводле стану на пачатак ліпеня 1941 году. Новы горад быў пашкоджаны пажарамі даволі моцна. Пасьля пажараў абсыпаліся, як даміно, некаторыя дамы з надбудаванымі паверхамі ў цэнтральнай частцы гораду, пераважна на Савецкай. Амаль цалкам згарэлі Савецкая (Захар’еўская), Камуністычная (Юраўская), Энгельса (Дамініканская) і Ленінская (Францішканская). Пажар моцна закрануў раёны Залатой горкі, Камароўкі, Трамвайнага дэпо, ваколіцаў Опэрнага тэатру і вуліцы Горкага (Багдановіча), вуліцы Пралетарскай і іншых.
Нябёсы былі літасьцівыя да менскіх кляштараў і храмаў. Практычна ўсе яны, за выключэньнем спаленага касьцёла Сьвятога Роха на Залатой горцы і былога францішканскага кляштару на рагу Ленінскай і Камуністычнай, ацалелі непашкоджаныя. Захаваўся і Верхні горад. Часткова пашкоджанай пажарам і бомбамі аказалася толькі яго паўднёва-ўсходняя частка ўключна з гатэлем «Эўропа» і трыма старымі камяніцамі па лініі забудовы езуіцкага комплексу, на рагу з вуліцай Інтэрнацыянальнай. У гатэль «Эўропа» трапіла фугасная бомба і часткова (увага, толькі часткова) яго разбурыла. Гатэль гарэў знутры, на яго фасадзе з боку Плошчы Свабоды ўзьнікла велізарная шчыліна, але самі сьцены захаваліся.
У Стары горад упала ўсяго некалькі бомбаў. Адна фугасная разбурыла дом на рагу Рыбнага рынку (тады Біржавы завулак) і Калініна. Яшчэ адна бомба ўпала непадалёк, на Плошчу Свабоды — яна часткова разбурыла і спаліла дом на рагу плошчы і вуліцы Вольнай (зьлева, калі глядзець з плошчы). Яшчэ некалькі, верагодна, падпальных бомбаў трапілі ў навакольлі вуліцы Дзям’яна Беднага (Казьмадзям’янаўскай) — самай старой нашай мураванай вуліцы. Гэта выклікала пажар у прылеглых кварталах Старога гораду. Згарэлі два кварталы паміж Рыбным і Нізкім рынкамі і самы стары менскі мураваны квартал паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай.
Самі каробкі, аднак, уключна са старажытнымі падмуркамі і шмат дзе скляпеньнямі першых паверхаў, захаваліся, згарэлі дахі і перакрыцьці верхніх паверхаў. Абрынуліся таксама фасадныя сьцены некалькіх дамоў на вуліцы Дзям’яна Беднага. Зрэшты, на левым баку вуліцы Дзям’яна Беднага, у дварах, усю вайну жылі людзі. Тым ня менш можна зрабіць выснову, што культурная страта ад пашкоджаньня гэтых трох самых старых мураваных кварталаў гораду несувымерная са стратамі ва ўсіх астатніх частках гораду разам узятых.
Уласна Замчышча зь яго цэнтральнай вуліцай Замкавай і прылеглымі да яе крывымі Падзамкавай, Завальнай і Нова-Мясьніцкай не пацярпела. Часткова згарэла бліжэйшая да Нізкага рынку частка вуліцы Стара-Мясьніцкай, а на самім Нізкім рынку, як ужо было сказана, агонь закрануў толькі квартал на тым яго баку, што аддзяляў рынак ад вуліцы Вольнай. З дамоў гэтага кварталу, што выходзілі на рынкавы пляц, перад самай вайной з-за плянаванай рэканструкцыі былі выселеныя жыхары.
Непашкоджаны статус большай часткі Старога гораду добра выяўлены на нямецкай мапе Менску 1941 году.
Агулам Менск як вялікі гарадзкі цэнтар першую хвалю разбурэньняў перажыў. За першыя 6 месяцаў акупацыі аднавілі працу 56 з 60 менскіх крамаў. На пачатак 1943 году пасьпяхова працавала палова менскіх заводаў і фабрык — усяго 150 прадпрыемстваў. Да вайны ў горадзе было 35 школаў, зь іх 20 беларускіх. Пасьля прыходу немцаў у 1941/42 навучальным годзе адкрылася якраз каля 20 беларускіх школаў. Большасьць — у ранейшых школьных памяшканьнях.
Стан гарадзкой забудовы вельмі цікавіў беларускіх актывістаў, якія пасьля прыходу немцаў пачалі займаць кіруючыя пасады. Створаная гарадзкая ўправа на чале зь першым бургамістрам Менску доктарам Вітаўтам Тумашам ужо ў першыя месяцы правяла дасьледаваньне жылога фонду. Аказалася, што паводле стану на 22 чэрвеня 1941 году ў Менску было 12 424 дамы, а на 1 верасьня таго самага году — 10 005 дамоў30. 2419 дамоў былі спаленыя або пашкоджаныя. Нескладаныя падлікі паказваюць, што гэта — менш за 20 працэнтаў усяго фонду жылых дамоў.
Зусім іншая сытуацыя з жылой плошчай. На нямецкай мапе 1944 году (г. зн. перад прыходам савецкай улады, ужо пасьля савецкіх бамбаваньняў і нямецкіх зносаў) нават без спэцыяльных падлікаў можна вызначыць, што было пашкоджана 30–40% гарадзкой забудовы. Але ў цэнтральнай частцы гораду пераважалі 2—4-павярховыя дамы, таму жылая плошча іх была большая. Гэта і дае лічбу каля 54% страчанай у горадзе жылой плошчы, якую ў пачатку 1946 году прыводзіла Бюро інвэнтарызацыі Менскага гарвыканкаму.
Беларускі гісторык і археоляг Уладзімер Ісаенка, спэцыяліст у гістарычнай картаграфіі, падлічыў, што ў 1941 годзе ў Менску плошча гарадзкой забудовы складала 19 квадратных кілямэтраў, а плошча спаленай і пашкоджанай у 1941 годзе гарадзкой забудовы склала 2 квадратныя кілямэтры — каля 10 працэнтаў. Гэтая лічба, з улікам пашкоджаных шматпавярховікаў цэнтральнай часткі гораду, цалкам адпавядае зьвесткам гарадзкой управы пад кіраўніцтвам доктара Тумаша аб стратах у жылым фондзе.
Тым ня менш усе гэтыя маштабы разбурэньняў былі яшчэ несувымерныя з тымі, якія мы бачым на здымках, зробленых празь некалькі месяцаў і ў наступныя гады акупацыі. Што ж здарылася? Адказ на гэтае пытаньне гучыць проста — пасьля прыходу ў Менск немцы адразу прыступілі да расчыстак завалаў і зносу некаторых руінаў.
Але калі мы вядзем гаворку пра лёс забудовы гістарычнага цэнтру гораду, абмежавацца такім адказам нельга. Тут трэба падрабязна разьбірацца і адказваць ужо на шмат пытаньняў: што зносілі, калі зносілі, чаму зносілі, хто зносіў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай