Расея застанецца без кампэнсацыі за газаправод «Паўночны паток – 2» у тым выпадку, калі нямецкі рэгулятар прызнае яго не адпаведным прававым нормам Эўразьвязу. Аб гэтым, як піша DW, заявіў міністар эканомікі ФРН, віцэ-канцлер Робэрт Габэк у інтэрвію выданьню Der Spiegel.
«Цяпер Фэдэральнае агенцтва ў справе сетак прыпыніла працэдуру сэртыфікацыі. Калі яна будзе адноўленая, то яе мэтай будзе вырашыць, ці выкананыя ўмовы для сэртыфікацыі ў адпаведнасьці зь нямецкімі і эўрапейскімі правіламі. А калі гэта ня так, то кампэнсацыя не належыць», — растлумачыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыял-дэмакраты Нямеччыны папрасілі ня зьмешваць палітыку і «Паўночны паток – 2», заклікаючы адкрыць расейскі газаправодНа пытаньне аб тым, ці не павінна адмова ад выкарыстаньня «Паўночнага патоку – 2» стаць часткай санкцый у адказ супраць Расеі ў выпадку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, Габэк адказаў: «Забарон на мысьленьне быць не павінна». Ён нагадаў, што актуальным застаецца камюніке, узгодненае ў ліпені 2021 году Нямеччынай і ЗША, у якім гаворыцца, што калі энэргетыка будзе выкарыстоўвацца Расеяй як зброя, то гэта будзе мець наступствы. «Расея ведае, што перасячэньне чырвоных ліній адразу ж прывядзе да жорсткіх санкцый, якія даўно рыхтаваліся», — дадаў міністар.
Габэк: «Паўночны паток – 2» — геапалітычны праект
Робэрт Габэк падкрэсьліў геапалітычны характар новага газаправода. «Паўночны паток – 2» заўсёды быў геапалітычным праектам у тым сэнсе, што дзякуючы новаму трубаправоду Украіна як транзытная краіна становіцца непатрэбнай".
Міністар назваў фактам вялікую залежнасьць Нямеччыны ад расейскага газу і назваў сваёй задачай зьніжэньне гэтай залежнасьці, у тым ліку за кошт дывэрсыфікацыі паставак паліва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2» падарвуць адносіны з саюзьнікамі«Цяпер Нямеччына атрымлівае 55 працэнтаў неабходнага ёй газу з Расеі. Але ў ЭЗ ёсьць магутнасьці для прыёму звадкаванага газу, напрыклад у Нідэрляндах, Польшчы і Італіі. Гэтыя тэрміналы загружаныя толькі на 30 працэнтаў. Калі іх загрузіць на 100 працэнтаў, то стане «магчымым задавальняць большую частку запатрабаваньняў у імпарце за кошт СПГ», — сказаў Габэк. Пры гэтым ён прызнаў, што звадкаваны газ значна даражэйшы, і ўхіліўся ад прамога адказу на пытаньне, ці гатовая дзяржава кампэнсаваць спажыўцам больш высокія выдаткі.
Паводле Габэка, Міністэрства эканомікі да наступнай зімы мае намер прыняць меры ў сувязі зь нізкай запоўненасьцю нямецкіх сховішчаў прыродным газам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць «Паўночнага патоку – 2»«Зіма паказала, што Нямеччына зь яе скарочанымі запасамі газу стала яшчэ больш уразьлівай для спэкуляцыі, ваганьня цэн і геапалітычнай напружанасьці. Таму мы павінны палепшыць нашы магчымасьці, каб да наступнай зімы газасховішчы былі добра запоўненыя. У гэтым я бачу сваю палітычную задачу», — заявіў міністар эканомікі ФРН.