​​​​​​​«Вялікі эўрапейскі гуманіст». У гарадах Эўразьвязу і Беларусі адслужылі імшу за Скарыну. ФОТА

За катэдрай архібіскуп Прагі, прымас Чэхіі, кардынал Дамінік Дука

У базыліцы сьвятых Пятра і Паўла ў Празе адбылася імша з нагоды 500-годзьдзя выданьня першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На багаслужбе прысутнічаў старшыня Сэнату Чэскай Рэспублікі і замежныя дыпляматы.

Службы дзеля ўшанаваньня беларускага першадрукара адбыліся сёньня ня толькі ў Празе, дзе Францішак Скарына пражыў частку свайго жыцьця, але і ў іншых гарадах Эўропы і Беларусі: Менску і Полацку, Вільні, Варшаве і італьянскай Падуі, дзе ён вывучаў мэдыцыну.

Нагодай для памятных службаў у розных гарадах Эўропы стаў абвешчаны Літвою Год Францішка Скарыны. У 1522 годзе Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку».

Прага

Імшу ў чэскай сталіцы цэлебраваў архібіскуп Прагі, прымас Чэхіі, кардынал Дамінік Дука. Багаслужба адбылася ў базыліцы сьвятых Пятра і Паўла ў гістарычным праскім раёне Вышаград, дзе побач з касьцёлам пахаваныя выбітныя чэскія дзеячы — пісьменьнік Карэл Чапэк, кампазытары Антанін Дворжак і Бэдржых Сьметана, мастак Альфонс Муха.

Архібіскуп Прагі, прымас Чэхіі, кардынал Дамінік Дука

Сваю казань кардынал Дука прысьвяціў Францішку Скарыну і значнасьці яго асобы для гісторыі Эўропы. Архібіскуп згадаў наватарства Скарыны і параўнаў яго друкарскую дзейнасьць з вынаходжаньнем інтэрнэту. Кардынал Дука маліўся за народы краін Балтыі, Чэхіі, Славаччыны, Украіны і Беларусі, каб «яны памяталі пра свае эўрапейскія карані і ведалі, куды ідуць». Затым на трох мовах, беларускай, літоўскай і польскай, прагучала малітва за беларускіх палітвязьняў і за свабоду ў Беларусі.

Кардынал Дука пажадаў усім палітуцекачам зь Беларусі як мага хутчэй вярнуцца на радзіму.

На службе прысутнічаў старшыня Сэнату Чэскай Рэспублікі Мілаш Выстрчыл, дыпляматы Польшчы і Літвы, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары Прагі.

Падчас малебну прадстаўніца беларусаў Прагі Крысьціна Шыянок зачытала ліст ад дасьледчыкаў жыцьця і творчасьці Скарыны Томаша Гошкаўца і Ільлі Лямешкіна:

«Для беларусаў Францішак Скарына — нацыянальны герой ужо даўно і па праве. Змагаймася цяпер і мы як эўрапейцы за тое, каб Францішак Скарына стаў таксама вядомы як эўрапейскі герой і ўзор. Багата яшчэ можна сказаць аб эўрапейскім наватарстве ў спадчыне Скарыны, але гэта ўжо належыць да навуковага культурна-гістарычнага дыскурсу. У духоўна-маральным аспэкце, што, па сутнасьці, ёсьць аспэктам палітычным, дамагаймася, каб родная зямля Скарыны, сучасная Беларусь, як мага хутчэй атрымала самую базавую ўмову чалавечнасьці — свабоду».

Выступае Крысьціна Шыянок

Вялікую частку свайго актыўнага жыцьця Францішак Скарына правёў менавіта ў Празе. Тут у 1517 годзе ён выдаў першую друкаваную кнігу па-беларуску — Псалтыр, а потым кнігі Бібліі. Другі раз вярнуўся ў Прагу каля 1534 году і працаваў першым каралеўскім садоўнікам пры двары Фэрдынанда I. На аснове ягонага праекту быў заснаваны Каралеўскі сад Праскага Града.

Варшава

Сьвятую службу ў сталіцы Польшчы ў архікатэдры Яна Хрысьціцеля ўзначаліў дапаможны біскуп мітрапалітальнай архідыяцэзіі Міхал Яноха. Таксама ўдзел у малітве прынялі прадстаўнікі іншых канфэсій — цэркваў з Польскай рады экумэнічнай. Літургічныя сьпевы выконваў беларускі хор «Канкордыя».

«Сардэчна вітаю беларусаў — нашых суседзяў, на долю якіх выпалі цяжкія выпрабаваньні. Я вельмі рады, што сёньня мы разам», — сказаў на пачатку літургіі Міхал Яноха і падкрэсьліў, што для яго гонар і задаваленьне адправіць гэтую сьвятую імшу, падчас якой усе прысутныя паядналіся для агульнай малітвы за грамадзян Беларусі.

Біскуп Яноха выступіў з прамовай аб гісторыі дзяржавы і веры на Беларусі, згадаў беларускіх сьвятых і асьветнікаў, сярод якіх важнай фігурай быў Францішак Скарына.

У шматмоўнай малітве вернікаў, якую распачалі дыпляматы, у Бога прасілі аб свабодзе і незалежнасьці Беларусі. Маліліся, каб кіраўнікі гэтай краіны зразумелі, што яны павінны выконваць волю народу; за тых, каго перасьледавалі, а асабліва за тых, хто загінуў у абарону свабоды. Не забылі і палякаў, якія жылі ў Беларусі, асабліва зьняволеных Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута, а таксама беларусаў, якім давялося пакінуць радзіму. Падзякаваўшы па-беларуску за ўдзел у малітве аб дары свабоды для Беларусі, біскуп Яноха сказаў у канцы: «Мы з вамі!»

Сярод прысутных былі Эдуардас Барысавас, амбасадар Літвы ў Польшчы; Якуб Дзюр, амбасадар Чэхіі ў Польшчы; Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі, і духавенства Цэркваў, якія ўваходзяць у Польскі Ўсяленскі Сабор. Служылі разам сьвятары беларусаў Варшавы лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў. Падчас літургіі сьпяваў беларускі хор «Канкордыя».

У катэдру прыйшлі беларусы, якія знайшлі прытулак у Польшчы, прадстаўнікі беларускай меншасьці, польскіх інстытутаў і суполак, якія маюць дачыненьне да дапамогі Беларусі, а таксама ўсе, каму блізкая спадчына Скарыны і хрысьціянская спадчына нашага краю.

Біскуп Міхал Яноха на імша памяці Францішка Скарыны і малітва аб дары свабоды для Беларусі

Вільня

Памяць Францішка Скарыны ўшанавалі і ў Вільні.

«Асоба аднаго з найвядомейшых прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, асьветніка Францішка Скарыны ўвасабляе сабой агульныя літоўскія і беларускія карані, якія ідуць углыб стагодзьдзяў. Ягоная яркая памяць падахвочвае нас і далей узгадоўваць агульнаэўрапейскія каштоўнасьці гуманізму, якія аб’ядноўваюць народы Літвы і Беларусі», — сказаў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Сьвятую імшу ў Віленскай катэдры правёў біскуп Арунас Панішкайціс. Ва ўрачыстай цырымоніі таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамады Літвы, лідэр беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская і замежныя дыпляматы, якія жывуць у Літве.

Святлана Ціханоўская так пракамэнтавала свой удзел у імшы:

«Гэтае богаслужэньне адбываецца ў гонар Францішка Скарыны, нашага асьветніка, і пачатку кнігадрукаваньня на беларускіх землях. Тут, у Вільні, 500 год таму ён заснаваў друкарню і выдаў кнігу на старабеларускай мове. Але я хачу адзначыць: мы ня проста ўшаноўваем Скарыну — мы працягваем ягоную справу.

Разам з Радай Культуры і НАУ, мы вырашылі абвясьціць 2022 год годам Скарыны.

Скарына — гэта тая асоба, якая бясспрэчна яднае беларусаў паміж сабой. І гэта тая асоба, якая яднае нас з краінамі Эўропы, суседзямі і сьведчыць пра тое, што ў нас багатая агульная гісторыя.

Скарынам ганарацца ня толькі ў Беларусі і Літве, але і ў Польшчы, Чэхіі, Італіі — па ўсёй Эўропе. Скарыну лічаць сваім і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. Скарыну цэняць беларусы незалежна ад палітычных поглядаў.

Таксама сёлета адзначаецца 140-годзьдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Разам з радай Культуры і НАК заклікаем усіх далучацца да культурніцкіх івэнтаў у іх гонар».

Менск

У менскім Чырвоным касьцёле 20 студзеня таксама прайшла імша, прысьвечаная Францішку Скарыне. Пасьля яе заканчэньня адбыўся выступ хору. Потым слова мелі амбасадар Чэхіі і аўтар новага выданьня «Францішак, мілы Скарына» Ўладзімер Паўловіч, да якога прысутныя сталі ў чаргу па аўтограф.

Полацак

20 студзеня з удзелам Старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў касьцёле сьвятога Андрэя Баболі ў Полацку адзначылі 500-годзьдзе выданьня Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы».З гэтай нагоды ў родным горадзе першадрукара адбылася ўрачыстая цэлебрацыя, у якой разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату маліліся сьвятары лацінскага і ўсходняга абрадаў, полацкія парафіяне і госьці.

Як паведамляеCatholicnews.by, у пастырскім слове да вернікаў біскуп Буткевіч адзначыў:

«Францішак Скарына зьяўляецца для нас прарокам; тым, хто ў сваім жыцьці перадусім прагнуў жыць Божым словам і ім дзяліцца». Таксама іерарх падзякаваў Богу за жыцьцё беларускага першадрукара, за яго асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць, якая дапамагла ў тым, «каб малітва спадарожнічала чалавеку».