Сьцісла:
- Гісторыя паказвае, што такія шматузроўневыя эскаляцыі нярэдка заканчваюцца вайной.
- «Ультыматум Пуціна» меў на мэце перш за ўсё падзел сфэраў уплыву, а ня мірныя дамовы.
- Мэта Расеі — разарваць адносіны Менску і Кіева, каб адрэзаць Лукашэнку ня толькі ад Эўропы, але і ад Украіны.
- Для Лукашэнкі прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі ўжо ня страшная.
- Вяртаньня да 2015 году, калі можна было «прадаваць» сябе як нейкага абаронца ад Расеі, ужо не атрымаецца.
— Нядаўна вы апублікавалі тэкст, галоўная выснова якога выглядае даволі пагрозьліва — «Рост вайсковых сілаў паблізу Беларусі з усіх бакоў і агрэсіўная рыторыка ўсё больш штурхаюць Беларусь у рэгіянальны вір эскаляцыі са стандартным выхадам — праз вайну». Якія факты і падзеі прымушаюць вас рабіць такую выснову?
— Перш за ўсё, гэта палітычныя рухі з боку Расеі, накіраваныя на падзел сфэраў уплыву паміж ЗША і Расеяй ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. «Ультыматум Пуціна» меў на мэце перш за ўсё падзел сфэраў уплыву, а ня мірныя дамовы і бясьпеку на базе міжнароднага права.
Усё гэта ідзе даволі даўно, і ў 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму і падзеяў у Данбасе, NATO давялося шукаць нейкі адказ. І натуральна, што рухавіком гэтага адказу сталі найперш тыя краіны, якія мяжуюць з Расеяй — Польшча і дзяржавы Балтыі. NATO пачало павялічваць працэнт тратаў на абарону, праводзіць вучэньні па перакідваньні войскаў, разьмяшчала свае кантынгенты на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краінаў — карацей, занялася павышэньнем баяздольнасьці сваіх войскаў у рэгіёне. У адказ Расея пачала набліжаць войскі да межаў Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве і Ўкраіне адрэагавалі на расейскія войскі ў Беларусі: гэта высокі ўзровень ваеннай пагрозыУ мірны час такія перамяшчэньні войскаў не фармуюць таго самага «віру» эскаляцыі, успрымаюцца даволі спакойна. Але калі гэта суправаджаецца нарастаньнем палітычнай напружанасьці, то гэта выклікае адказ на адказ. Усё гэта нарастае з 2014 году і стварае той самы «вір». Чым бліжэйшая нейкая краіна да гэтага віру, тым хуткасьць «вады» (падзеяў) паскараецца.
Таму на сёньня маем рэзкае абвастрэньне, вір расьце, нейкага палітычнага вырашэньня пакуль не назіраецца: ня толькі Расея, але і NATO сталі ў позу і не зьбіраюцца адступаць. Палякі, прыбалты і ўкраінцы ўзмацняюць сваю абароназдольнасьць самастойна, разьлічваючы і на сябе і на двухбаковыя стасункі. Атрымліваецца такі Балта-Чарнаморскі абарончы саюз — Польшча, Балтыя, Украіна.
Безумоўна, усё гэта не падабаецца Расеі. Бо, акрамя пагрозаў суседзям, ім асабліва няма чым палітычна гандляваць. І гісторыя паказвае, што такія шматузроўневыя эскаляцыі нярэдка заканчваюцца вайной. Не абавязкова буйнамаштабнай (будзе яна маштабнай альбо даволі лякальнай — гэта ўжо іншая справа).
— Якую ролю ў гэтай нярадаснай карціне адыгрываюць сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць», прызначаныя на люты? Акрамя чыста вайсковых задач, якія палітычныя мэты закліканыя дасягнуць гэтыя манэўры?
— Для Расеі задача — гэта стварэньне пагрозы для Ўкраіны, і падвышэньне ціску на NATO, маўляў, мы можам і з тэрыторыі Беларусі атакаваць. Гэта і ўплыў на палітыку Ўкраіны з мэтай разарваць адносіны Менску і Кіева, каб адрэзаць Лукашэнку ня толькі ад Эўропы, але і ад Украіны. Адрэзаць як палітычнага суб’екта, які фармуе палітыку сваёй дзяржавы.
Таксама мэта — паўплываць на канцэнтрацыю і разьмяшчэньне ўкраінскіх сілаў і сродкаў. Каб яны вымушаныя былі ня толькі на паўночным і паўднёвым кірунку канцэнтравацца, але і перакідваць войскі на мяжу зь Беларусьсю.
Ваенныя мэты — нарошчваньне групоўкі Супрацьпаветранай абароны (СПА). Перакідваньне з усходу Расеі частак на заходні накірунак. Так што гэтыя вучэньні не аб праверцы рэгіянальнай заходняй групоўкі войскаў, а дзеля ўзмацненьня гэтай групоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вырашыла прысьпешыць фармаваньне сілаў тэрытарыяльнай абароны. Пачалі з памежных рэгіёнаў— Лукашэнка хоча чарговы раз прадэманстраваць сваю ляяльнасьць Маскве. Але ўзамен разьлічвае атрымаць ад Расеі грошы?
— Пытаньне ня толькі ў грашах, як мне здаецца. Магчыма, Пуцін цісьне на тыя зьмены ў беларускай Канстытуцыі, якія яму патрэбны. І Лукашэнка, магчыма, цяпер проста шукае нейкае выйсьце ад ціску Пуціна праз гэтыя вучэньні. Грошай Пуцін больш не дае.
— Але гэта нейкі парадаксальны шлях пазьбягаць ціску. Бо вайсковая залежнасьць — яна больш моцная, чым эканамічная. І ўцягваньне ў гэты вір можа прынесьці больш шкоды ня толькі Беларусі, але і самой уладзе Лукашэнкі...
— Парадаксальнага нічога няма. Бо для Лукашэнкі прысутнасьць расейскіх войскаў ужо не такая і страшная. Ён, безумоўна, не аддасьць камандаваньне беларускімі войскамі пад нейкія там саюзныя ці расейскія структуры. Ён летась ужо агучваў, што такая прапанова была. Бо войска — гэта сродак утрыманьня ўлады.
Але ён разумее, што ўжо адсечаны ад эўрапейскай палітыкі і вяртаньня да 2015 году, калі можна было прадаваць сябе як нейкага абаронца ад Расеі, ужо не атрымліваецца. Таму для яго разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх войскаў ужо не такое страшнае. Да таго ж гэта, на ягоную думку, павінна прымусіць нейкіх слабых палітыкаў у Эўразьвязе ўключыць такую думку — «можа, сапраўды лепей ужо Лукашэнка, які хоць неяк будзе стрымліваць расейцаў у Беларусі». То бок для Лукашэнкі расейскія войскі ў Беларусі — прымальная канцэпцыя палітычных паводзінаў.
Аднак, вядома, ён будзе імкнуцца, каб не было сталай прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская тэхніка стала лягерам ля Рэчыцы, за 200 кілямэтраў ад Кіева,— расьсьледаваньне Conflict Intelligence Team— Але ж рэальна павялічэньне вайсковай прысутнасьці Расеі на тэрыторыі Беларусі павялічваецца. Што тут канкрэтна зьмяніліся?
— Павялічылася на дывізіён С-400 (зэнітная ракетная сыстэма) і зьнішчальнікі СУ-30: гэта ня толькі лётчыкі, але і пэрсанал і гэтак далей.
Зараз гаворка ідзе пра намер яшчэ адзін дывізіён С-400 паставіць недзе на поўдні Беларусі. Альбо проста перакінуць той дывізіён, які цяпер пад Гародняй, на поўдзень.
Яшчэ вучэньні ў 2020 годзе паказалі, што за 4 гадзіны можна перакінуць сюды і стварыць сур’ёзную ўдарную паветрана-дэсантную групоўку. Менавіта для гэтага і ідзе моцнае забесьпячэньне супрацьпаветранай абароны, каб расейскія самалёты ляталі тут вольна і ніхто ім не пагражаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрыхтаваныя вайскоўцы і абароннае ўзбраеньне: што Ўкраіна можа супрацьпаставіць расейскай арміі— Вы малюеце даволі змрочную карціну эскаляцыі. Але што можна зрабіць, каб усё гэта ня скончылася вайной?
— Некалькі мадэляў паводзінаў. Першы — калі NATO здасца ў палітычным сэнсе. Бо Расея пакуль адступаць не зьбіраецца. Але NATO зараз на гэта ня пойдзе.
Другая стратэгія — узмацніцца для NATO настолькі, каб Расея нават ня думала сюды ў рэгіён совацца. Але гэта даволі складана, бо NATO — гэта шмат дзяржаваў, гэта калектыўныя рашэньні, ня так хутка ўсё робіцца.
Трэцяе — гэта загаворваньне. Перамовы, перамовы — пакуль у Расеі не пачнецца нейкае варушэньне. Чакаецца 2024 год, выбары, у Расеі гэта будзе няпросты пэрыяд, нарастае пэўная трансфармацыя. Адначасова ваяваць на ўнутраным і вонкавым фронце даволі складана.
Масква разумее, што сёньня час працуе супраць іх — і ў тэхнічным, і ў стратэгічным, і ў палітычным разьвіцьці. Таму яны хочуць ударыць, пакуль яны адносна моцныя, а не чакаць, пакуль праціўнікі ўзмацняцца. Пакуль Турэччына і Кітай не пачалі праяўляць сябе ў гэтым рэгіёне. Таму ў Маскве і пачалі гэтыя пужалкі, але могуць і рэальную вайну распачаць.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.