Першы самалёт з гуманітарнай дапамогай — пітной вадой і прадуктамі — прыбыў на пацярпелую ад цунамі Тонгу. Вайсковы самалёт Новай Зэляндыі прыляцеў у галоўны аэрапорт Тонгі ў сталіцы Нукуалофе пасьля таго, як рабочыя і валянтэры ачысьцілі ўзьлётна-пасадачную паласу. Неўзабаве павінны прыляцець іншыя самалёты з Новай Зэляндыі і Аўстраліі, паведамляе BBC.
СМІ адзначаюць, што праз аблокі вульканічнага попелу і наступстваў маштабнага цунамі Тонга некалькі дзён не маглі атрымаць дапамогу. На паласе аэрапорту Нукуалофы ляжаў тоўсты пласт попелу, які не дазваляў самалётам прызямліцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ціхім акіяне адбылося вывяржэньне падводнага вульканаКамандуючы ўзброенымі сіламі Новай Зэляндыі адмірал Джым Гілмар назваў працу ў ачыстцы ўзьлётна-пасадачнай паласы мясцовымі рабочымі, у якіх былі толькі рыдлёўкі і вазкі, «тытанічнымі намаганьнямі». Ён таксама пацьвердзіў, што на Тонгу прыбыў самалёт C-130 Hercules з вадой, намётамі, генэратарамі, сродкамі гігіены і сувязі.
Урад Аўстраліі абвясьціў, што першы з двух самалётаў Boeing C-17 Globemaster з харчамі і абсталяваньнем таксама прыбудзе ў чацьвер. Урады Аўстраліі і Новай Зэляндыі пацьвердзілі, што пакінуць груз без экіпажу, каб пазьбегнуць заражэньня мясцовага насельніцтва COVID-19, бо Тонга — адна зь нямногіх краін сьвету, дзе не рэгістравалі стану пандэміі.
Пашкоджаньне падводных тэлекамунікацыйных кабэляў, якія злучаюць Тонгу з астатнім сьветам, пакіне краіну без інтэрнэту на наступны месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Новай Каледоніі трэці раз прагаласавалі супраць незалежнасьці на рэфэрэндуме