«Расея ўжо трывалы час дэстабілізуе Ўкраіну эканамічна і палітычна. І мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну», — заявіў Энтані Блінкен 19 студзеня ў Кіеве па выніках сваіх сустрэч з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Дзьмітром Кулебам.
Паводле яго, ЗША цягам апошняга году прадставілі Ўкраіне найбольшую дапамогу ў сфэры бясьпекі і абароны, а ў 2022 годзе плянуюць дадаткова выдзеліць 300 мільёнаў даляраў.
«Калі Расея адновіць сваю агрэсію, у такім выпадку мы дадзім дадатковыя матэрыялы Ўкраіне. Усе гэта ўжо сплянавана, і мы будзем спрыяць абароне Ўкраіны», — дадаў Блінкен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфэрэнцыя Блінкена і Кулебы ў Кіеве. Жывая трансьляцыяУ той жа час ён заклікаў палітычную эліту Ўкраіны не расколваць грамадзтва, бо гэта, на ягоную думку, спрацуе на Расею.
«Наколькі нам вядома, адной з даўніх мэтаў Масквы было пасеяць разлад ва Ўкраіне, каб украінцам было цяжэй працаваць над рэалізацыяй сваіх эўрадэмакратычных памкненьняў. Украіна павінна пазьбягаць любых дзеяньняў, якія дапамогуць цынічным намаганьням Расеі. Не дазваляйце Маскве падзяліць вас. Гэта азначае, што лідэры ўнутры і за межамі ўкраінскага ўраду павінны адкінуць свае рознагалосьсі на карысьць агульных нацыянальных інтарэсаў і працаваць разам, каб падрыхтавацца да цяжкіх дзён», — дадаў ён.
У сваю чаргу, міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба дадаў, што цяпер усе намаганьні накіроўваюцца на дыпляматычнае ўрэгуляваньне супярэчнасьцяў. Але ён перакананы, што «канфлікт будзе вырашаны толькі тады, калі апошні расейскі жаўнер пакіне асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей і Аўтаномнай Рэспублікі Крым».
«Я веру ў нашу здольнасьць пераадолець і гэты складаны момант у нашай гісторыі. Я абсалютна ня маю сумневаў, што так і будзе, і запэўніваю, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, і ўрад Украіны на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, і Вярхоўная Рада, — усе працуюць кожны дзень для ўзмацненьня Ўкраіны і над тым, каб мы прайшлі гэты пэрыяд годна і бясьпечна. Найбольшым дасягненьнем Расеі будзе паніка, зьнявера ўкраінскага грамадзтва і разгойдваньне нас унутры — нашай эканомікі і фінансавай сыстэмы. Таму мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб не дазволіць Расеі дасягнуць гэтай мэты, нават не дастаючы з кішэні зброю», — заявіў Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторым вайскоўцам, якія едуць у Беларусь, кажуць пра паўгода ці 9 месяцаў», — дасьледчык Conflict Intelligence Team«Усе нашыя намаганьні накіраваныя на тое, каб сытуацыя ў краіне заставалася стабільнай, каб фінансавая сыстэма захоўвала сваю моц і прадказальнасьць, каб украінская эканоміка не пакутавала ад праблем у сфэры бясьпекі. І гэтай тэме мы сёньня шмат аддалі ўвагі», — паведаміў украінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская тэхніка стала лягерам ля Рэчыцы, за 200 кілямэтраў ад Кіева,— расьсьледаваньне Conflict Intelligence Team Энтані Блінкен пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны 21 студзеня ў Жэнэве (Швайцарыя) абмяркуе мірнае ўрэгуляваньне сытуацыі зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і паведаміць Украіне пра вынікі гэтых перамоваў.Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.