Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандар быў затрыманы 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.
За першым днём працэсу назірала штурхальніца ядра, алімпійская прызэрка 2008 году Надзея Астапчук. Яна падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі ад суду.
«Саша вельмі добра выглядаў. Ён настроены пазытыўна. Там шмат такіх пытаньняў, якія разумнаму чалавеку цяжка ўспрымаць без усьмешкі і гумару. Там усе ўсьміхаліся, а ня толькі ён. А ў Сашы ўсьмешка нават праз маску была відаць», — кажа Астапчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі футбол сёньня не заслугоўвае Івуліна». Пачалі судзіць вядомага спартовага журналістаСпартсмэнка кажа, што суд яе нічым не зьдзівіў.
«Усё праходзіць па такой схеме, да якой мы ўжо троху звыклі: аднатыпныя, манатонныя, вельмі доўгія абвінавачаньні ад пракурора. Абвінавачаньне зачытвалася сямнаццаць хвілін. Сашу абвінавачвалі ў тым, што ён не дазваляў транспарту праехаць у час акцый у цэнтры Менску».
На судзе Івуліну быў выстаўлены пазоў ад «Менсктрансу» ў памеры 39 тысяч рублёў. Нібыта ягоныя дзеяньні нанесьлі такую шкоду прадпрыемству.
«Было вельмі доўгае апытаньне адваката „Менсктрансу“, адкуль узялася гэтая лічба, па якой формуле яна вылічвалася. Нічога ўцямнага мы так і не пачулі. Гэтае пытаньне так і засталося загадкай.
Прадстаўніца „Менсктрансу“ сказала, што асабіста ня бачыла Івуліна, які б перакрываў дарогу», — кажа спадарыня Астапчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч напісаў пра побыт на Валадарцы і тое, што падзяляе сукамэрнікаўЯна працягвае, што доўгаю была частка абвінавачаньня наконт ролікаў на ютуб-канале «Честнок».
«Нібыта відэа, зьмешчаныя на канале, выстаўляюць у нэгатыўным сьвятле дзейную ўладу. Ён кажа, што ён журналіст і браў камэнтары ў людзей, а ня нешта прыдумляў сам, нічога не выразаў. Гэта работа журналіста — публікаваць інтэрвію. Цікава, як гэта будзе трактавацца?»
Сваёй віны Івулін не прызнаў. Кажа, што дарог не перакрываў, а тым больш не займаўся арганізацыяй нейкіх акцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Нелицеприятно“ выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход». Пэнсіянэру пагражае да пяці гадоў турмыУсе ахвотныя на суд трапіць не змаглі, бо ў залі не хапала месцаў. Напрыклад, ня трапіла чэмпіёнка сьвету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская.
«Было шмат людзей, я адразу стала ля дзьвярэй, бо разумела, што ўсе ня трапяць. Пусьцілі адразу маму і прадстаўніцу „Менсктрансу“, а яшчэ было два шэрагі па шэсьць месцаў. То бок фактычна на суд трапілі каля 15 чалавек. У другую палову дня зайшлі іншыя людзі, каб як мага болей знаёмых і сяброў яго пабачылі», — кажа Астапчук.
Судовы працэс працягнецца 18 студзеня.