Разглядае справу Івуліна судзьдзя Сяргей Шаціла.
На першым паседжаньні прысутнічае лёгкаатлетка Надзея Астапчук, а таксама сябры і сваякі журналіста, паведамляе ТГ-канал @chestnokkk. Беларускую фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую не пусьцілі ў залю пасяджэньня.
Паводле абвінавачаньня, Івуліну ставіцца ў віну, што 23 жніўня і 27 верасьня 2020 году ён нібыта ўзяў удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, а з 7 жніўня 2020 году па 26 сакавіка 2021-га праз інтэрнэт-рэсурс YouTube і стварэньне, распаўсюджваньне адпаведных ролікаў ажыцьцявіў арганізацыю такіх дзеяньняў.
«Менсктранс» выставіў Аляксандру Івуліну пазоў на 39 тысяч беларускіх рублёў, піша @chestnokkk.
Аляксандра Івуліна абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аляксандра затрымалі 3 чэрвеня ў сваёй кватэры, ён адседзеў 30 дзён адміністрацыйнага арышту, а пасьля стаў фігурантам крымінальнай справы.
Допыт журналіста
Падчас допыту Івулін, адказваючы на пытаньне пракурора аб нібыта «выкладаньні відэазапісу заахвочвальнага характару аб сацыяльных, палітычных і міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі ў электаральны і постэлектаральны пэрыяд», зазначыў, што не разумее сутнасьці абвінавачаньня.
Паводле палітзьняволенага, у ніводным ягоным роліку «не было ніводнага закліку нешта рабіць і нешта мяняць»:
— Гэта былі размовы пра рэчы, якія цікавяць кожнага звычайнага чалавека, які жыве ў Беларусі. Там не было ні слова аб падахвочваньнях. Людзі дзяліліся сваімі думкамі, выказвалі свае думкі, — сказаў журналіст.
Аляксандар Івулін таксама адмаўляў выстаўленае яму абвінавачаньне ў стварэньні ў відэароліку «нэгатыўнай ацэнкі дзейнай улады, дыскрэдытацыі палітычнага і сацыяльнага становішча ў Беларусі».
— З прычыны прагляду гэтых відэазапісаў, як вы мяркуеце, людзі бралі актыўны ўдзел у якіх-небудзь групавых дзеяньнях, у тым ліку ў акцыях пратэсту? — спытаў Івуліна пракурор.
— Я магу сказаць, што пасьля прагляду маіх ролікаў людзі пачалі хадзіць на стадыёны і запісваць сваіх дзяцей у футбольныя, гандбольныя, лёгкаатлетычныя сэкцыі, — сказаў палітвязень і дадаў: — Мая любімая гісторыя: жанчына з маленькага Пячэрску за 300 км ад Менску пасьля прагляду відэа на канале вырашыла аддаць дзіця на трэніроўкі ў ФК «Крумкачы». Яна зразумела, што беларускія спартоўцы маюць думкі і ўмеюць гаварыць, апавядаць і дзяліцца. І самае галоўнае, робяць гэта шчыра. На YouTube гэта вельмі адчуваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі футбол сёньня не заслугоўвае Івуліна». Пачалі судзіць вядомага спартовага журналіста ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты