Канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы выклікала на Захадзе трывогу, што хутка можа пачацца поўнамаштабнае расейскае ўварваньня ва Ўкраіну.
Як заявіў Пяскоў, войскі знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і застануцца на сваіх месцах у сувязі з «напружанай сытуацыяй», якая ўзьнікла на мяжы, і «несяброўскай атмасфэры», якая ствараецца дзеяньнямі NATO.
Пры гэтым Пяскоў заявіў, што на тэрыторыі Ўкраіны, у прыватнасьці на Данбасе, расейскіх войскаў няма (анэксаваны Крым паводле расейскіх законаў лічыцца тэрыторыяй Расеі). Ён таксама сказаў, што Расея не рыхтуе ваеннага ўварваньня — «было б вар’яцтвам рабіць гэта» — але гатова прыняць нейкія «контрамеры» ў выпадку пашырэньня NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік Паўночнаатлянтычнага блёку: NATO магло б прыняць у свае шэрагі Фінляндыю і Швэцыю за адну ночПаводле агенцтва Bloomberg, Пяскоў таксама заявіў: «Мы не зьбіраемся сьцьвярджаць, што ня станем разьмяшчаць наступальныя ўзбраеньні на тэрыторыі Ўкраіны». Пры гэтым, паводле галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венедыктава, у інтэрвію гэтай радыёстанцыі Пяскоў выказаўся інакш: «Мы ня можам выключыць, што нашыя партнэры (ЗША і NATO) могуць разьмясьціць наступальныя ўзбраеньні на тэрыторыі Украіны. Мы, са свайго боку, выключаем для сябе разьмяшчэньне наступальнага ўзбраеньня там».
Раней ЗША абвясьцілі, што маюць інфармацыю, якая паказвае на падрыхтоўку Расеяй правакацый, каб стварыць падставу для поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Украіна, у сваю чаргу, абвінаваціла Расею ў датычнасьці да маштабных кібэратакаў. Пяскоў адпрэчыў абодва абвінавачаньні, заявіўшы, што гэта дэзынфармацыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дазвол на вайсковыя базы Расеі — апошні тавар, які Лукашэнка можа прадаць дорага»Прэс-сакратар Крамля таксама закрануў тэму магчымых санкцый ЗША супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле Пяскова, такія меры могуць прывесьці да поўнага разрыву адносін. Ён таксама заявіў, што Расея «самадастатковая» і не адчувае сябе ўразьлівай у сувязі з санкцыямі. Сярод прапанаваных крокаў у выпадку абвастрэньня сытуацыі на Украіне — напрыклад, забарона на пастаўкі ў Расею электронікі, у тым ліку смартфонаў і бытавой тэхнікі.