Першыя ўрокі апэрацыі АДКБ у Казахстане

Расейскія вайскоўцы ў Алматы

Войскі АДКБ пакідаюць Казахстан. Праз тыдзень пасьля ўводу. Можна сказаць, што іх знаходжаньне ў гэтай краіне было сымбалічным у многіх сэнсах.

Сьцісла:

  • Сам факт увядзеньня войскаў АДКБ стаў моцным ударам па міжнародным прэстыжы Казахстану.
  • Чаго вартая дзяржаўнасьць, якую будавалі 30 гадоў, калі дзяржаўную ўладу спатрэбілася падтрымоўваць замежнымі штыкамі?
  • АДКБ становіцца інструмэнтам для ўдзелу ва ўнутрыпалітычных разборках краін-чальцоў гэтай арганізацыі.
  • Гэты інструмэнт знаходзіцца ў руках Масквы, і ім можна маніпуляваць.

Войскі АДКБ ня бралі ўдзелу ў здушэньні пратэстаў ці ў нейкіх сутыкненьнях з грамадзянамі Казахстану. Яны выканалі ролю страхоўкі, ролю сілы, якая магла спатрэбіцца, калі б каманда прэзыдэнта Такаева страціла кантроль над сытуацыяй.

Але сымбалізм знаходжаньня войскаў АДКБ у Казахстане выявіўся яшчэ ў адным сэнсе.

Вайскоўцы на вуліцах Алматы пасьля здушэньня пратэстаў. ФОТА

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў невыпадкова вырашыў прысьпешыць вывад войскаў АДКБ, Бо сам факт іхнага зьяўленьня і знаходжаньня там стаў моцным ударам па міжнародным прэстыжы гэтай краіны.

30 гадоў Казахстан будаваў сваю дзяржаўнасьць. У гэтым кірунку былі зробленыя вялізныя высілкі. Рэалізоўваліся праграмы разьвіцьця краіны на шмат гадоў. Укладаліся значныя рэсурсы ва ўмацаваньне станоўчага міжнароднага вобразу маладой дзяржавы. Напрыклад, казахстанскае кіраўніцтва вельмі ганарылася тым, што ў 2010 годзе ў Астане прайшоў саміт АБСЭ. Назарбаева абвясьцілі бацькам-заснавальнікам казахстанскай дзяржаўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 самалётаў зь беларускімі вайскоўцамі вярнуліся з Казахстану ў Беларусь

І варта было здарыцца гэтаму палітычнаму крызісу, каб усё пасыпалася і дзеля ўратаваньня сытуацыі давялося запрашаць войскі суседніх краін. І чаго вартая гэтая дзяржаўнасьць, якую будавалі 30 гадоў, калі дзяржаўную ўладу спатрэбілася падтрымоўваць замежнымі штыкамі?

Нешта падобнае магло здарыцца і ў Беларусі, калі ў жніўні-верасьні 2020 году Лукашэнка прасіў Пуціна ўвесьці расейскія войскі. Тады ад нацыянальнай ганьбы краіну ўратавалі пратэстоўцы, якія паводзілі сябе абсалютна мірна, і Крамлю не было за што зачапіцца. Бо фармальнай падставай і абгрунтаваньнем уводу войскаў АДКБ у Казахстан сталі забурэньні, пагромы, рабункі, якія спадарожнічалі пратэстам.

Галоўная выснова з гісторыі як Казахстану, так і Беларусі палягае ў тым, што дзяржаўнасьць, якая не абапіраецца на падтрымку народу, у якой народ не зьяўляецца суб’ектам палітыкі, — вельмі хісткая. Калі ўлада ўтрымоўваецца з дапамогай замежных штыкоў, то гэта прыкмета таго, што на міжнародным палітычным слэнгу называецца failed state («няўдалая дзяржава»).

Рэжым Такаева ўратаваўся, але цана за гэта заплачаная даволі высокая: значныя чалавечыя ахвяры, разбураныя аб’екты, сапсаваныя адносіны з Захадам, узрослая залежнасьць ад Расеі, дрэнны інвэстыцыйны клімат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман пра Казахстан, АДКБ, Канстытуцыю і вайну

Яшчэ адзін чыньнік. Такаеў хутка зразумеў, што знаходжаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Казахстану — гэта вялікая небясьпека. Варта нагадаць, што менавіта вайсковыя падразьдзяленьні РФ прычыніліся да анэксіі Крыму ў 2014 годзе. А ў паўночных абласьцях Казахстану дамінуе расейскамоўнае насельніцтва.

Адзіным станоўчым вынікам знаходжаньня войскаў АДКБ для Такаева стала тое, што яны дапамаглі адхіліць ад улады Назарбаева. Гэта азначае, што АДКБ становіцца інструмэнтам для ўдзелу ва ўнутрыпалітычных разборках краін-чальцоў гэтай арганізацыі. І гэты інструмэнт знаходзіцца ў руках Масквы. Тут варта толькі пачаць, стварыць прэцэдэнт. Гэтым інструмэнтам можна маніпуляваць. Напрыклад, уводзіць войскі ня толькі на запрашэньне прэзыдэнта, але «на просьбу народу», «здаровых сілаў грамадзтва». Менавіта гэтым тлумачыў Крэмль свае дзеяньні ў гісторыі з Крымам і Данбасам. Ці не расчыніў Казахстан «скрыню Пандоры»?

А Беларусь атрымала першы досьвед удзелу беларускіх вайскоўцаў у апэрацыі па-за межамі краіны. Няхай сабе і ў выглядзе так званай «міратворчай місіі». І ўсяго цягам тыдня. Пакуль малазразумела, што рабіць з гэтым досьведам і куды ён прывядзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.