«На 15:00 на тэрыторыі краіны без электраэнэргіі застаюцца 506 населеных пунктаў (Берасьцейская вобласьць — 31, Віцебская — 155, Гомельская — 1, Горадзенская — 87, Менская — 221, Магілёўская — 11). Адключэньні апэратыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі», — паведамілі ў міністэрстве са спасылкай на дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне «Белэнэрга».
Паводле МНС, цяпер у аднаўленчыя працы залучаныя 340 чалавек і 70 адзінак тэхнікі. Ад ураганнага ветру пацярпелі Менск і 11 населеных пунктаў у 8 раёнах Віцебскай, Горадзенскай і Менскай абласьцей. Пашкоджаны дахі 11 жылых дамоў, 3 сельскагаспадарчыя будынкі і 6 адміністрацыйных будынкаў, зафіксаваныя 22 выпадкі падзеньня дрэваў у Горадзенскай, Менскай, Берасьцейскай абласьцях і Менску.
Паведамляюць таксама, што 14 студзеня моцны вецер пашкодзіў будынак гістарычнай катэдры — касьцёла сьвятога Станіслава ў Магілёве.
Паводле інфармацыі МНС, пацярпелых сярод людзей няма. Чакаецца, што моцны вецер будзе і ў суботу, на гэты дзень абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паваленыя прыпынкі, зламаныя сьвятлафоры і дрэвы, сарваныя дахі: наступствы шторму ў Менску. ФОТА, ВІДЭА