«14 студзеня ў пэрыяд з 11 да 17 гадзін на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца ўзмацненьне заходняга, паўночна-заходняга ветру парывамі да 25-27 м/с, у Менску да 25 м/с», — гаворыцца ў папярэджаньні.
У сацыяльных сетках ужо зьявіліся шматлікія фота наступстваў моцнага ветру ў Беларусі: пашкоджаныя і паваленыя прыпынкі, білборды, дарожныя знакі, зламаныя сьвятлафоры і дрэвы, сарваныя дахі, перакуленыя сьмецьцевыя бакі, сарваныя павеці з вэрандаў у дзіцячых садках, выбітыя дзьверы і шыбы ў будынках. Вецер нават зьбівае з ног людзей.
З прычыны ўраганнага ветру і моцнага дажджу ў Менску некалькі разоў на розных участках пашкоджвалася кантактная сетка, з-за чаго прыпыняўся рух тралейбусаў і трамваяў некаторых маршрутаў. Цяпер іх рух адноўлены, але прагноз сыноптыкаў папярэджвае, што ўзмацненьне ветра ў Менску магчымае да пяці гадзін вечара, таму магчымыя новыя адключэньні.
У Менску зарэгістравана больш за 900 падзеньняў дрэваў. Паведамленьняў аб пашкоджаньнях даху і элемэнтаў даху — больш за 100, паведамляе тэлеграм-канал Менгарвыканкаму.
МНС паведамляе, што ў выніку непагадзі ў Менску адбыліся падзеньні розных канструкцый, дрэваў, у тым ліку на аўтамабілі, а таксама элементаў даху. Работнікі МНС апэратыўна ліквідуюць наступствы непагадзі.
«Белэнэрга» рэгіструе павелічэньне колькасьці адключэнняў у разьмеркавальных сетках некаторых раёнаў Менскай, Віцебскай і Горадзенскай абласьцей.
У суботу 15 студзеня таксама чакаецца моцны вецер. На большай частцы тэрыторыі краіны і ў Менску яго парывы будуць дасягаць 15-20 мэтраў у сэкунду.