Zerkalo.io: У Пружанскім раёне на «хіміі» памёр асуджаны, паведамляюць крыніцы

Ілюстрацыйнае фота

На «хіміі», у папраўчай установе адкрытага тыпу (ВУАТ) № 7 у Пружанскім раёне, сёньня памёр асуджаны, пра гэта Zerkalo.io паведамілі некалькі ананімных крыніц.

Пра сьмерць асуджанага Zerkalo.io паведаміла крыніца, знаёмая з сытуацыяй (чалавек папрасіў не называць свайго імя зь меркаваньняў бясьпекі, яго дадзеныя ёсьць у рэдакцыі). Па ягоных словах, гэта здарылася раніцай. Нябожчыку было 48 гадоў. Інфармацыю пацьвердзіла іншая крыніца, аднак, па яе дадзеных, мужчыну было 46 гадоў.

Пакуль невядома, што стала прычынай сьмерці. Паведамляецца, што раней мужчына перанёс інсульт, аднак яго абавязалі хадзіць на працу — у паліклініцы выдалі даведку аб прыдатнасьці да яе выкананьня.

Адзін з суразмоўцаў лічыць, што ў папраўчай установе «парушаюцца правы асуджаных», у прыватнасьці, ігнаруюцца іх скаргі на здароўе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скаргаў ад асуджаных не паступала». Камісія праінспэктавала калёнію, дзе памёр Вітольд Ашурак

«Ён нядаўна перанёс інсульт у лёгкай форме, але яго ўсё роўна паставілі працаваць на фізычна цяжкую працу. Ёсьць выпадкі, калі чалавек з гіпэртаніяй працуе грузчыкам, з пазваночнай кілой — дапаможным працоўным, хлопец з цукровым дыябэтам на інсуліне працуе ў непрымальных умовах з такім захворваньнем. На ўсе просьбы і звароты аб немагчымасьці працаваць з прычыны праблем са здароўем адміністрацыя пагражае пакараньнем за адмову ад працы», — расказаў суразмоўца.

У самой установе, са словаў крыніцы, лекара няма, асуджаныя могуць зьвяртацца да мэдыкаў у мясцовую паліклініку.

«Калі тлумачыш лекару аб сваіх праблемах, ён адказвае: мы табе ставім, што ты прыдатны да гэтай працы, а потым зьвяртайся, і будзем лячыць. Лекары слухаюць адміністрацыю ўстановы», — заключае суразмоўца.

У дзяжурнай частцы ІАУТ № 7 адмовіліся камэнтаваць інфармацыю і папрасілі даслаць запыт на імя кіраўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома пра сьмерць вязьня, які заразіўся каранавірусам на Акрэсьціна