Як паведаміла агенцтву «Минск Новости» крыніца ў Менскім гарвыканкаме, у сталіцы Беларусі рыхтуюцца да хвалі захворваньня на COVID-19 сярод дзяцей і падлеткаў ад заражэньня новым штамам «Омікрон».
«Пік захворваньня, хутчэй за ўсё, прыпадзе на канец студзеня – пачатак лютага. Уздым захворваньня — з наступнага тыдня. У дзяцей і падлеткаў будуць назірацца дастаткова складаныя наступствы: трахеабранхіты і інфэкцыі верхніх дыхальных шляхоў. Чуткі пра „лёгкі штам“ памылковыя», — гаворыцца ў паведамленьні.
Мэдыкі раяць бацькам не марудзячы вакцынаваць сваіх дзяцей ад каранавірусу і ўдзяляць асаблівую ўвагу іх здароўю, імунітэту і гігіене (уключаючы масачны рэжым).
«Дзіцячыя паліклінікі ўжо рыхтуюцца да значнага росту колькасьці пацыентаў», — паведаміла крыніца ў Менгарвыканкаме.
27 сьнежня ў Беларусі пачалася вакцынацыя ад COVID-19 дзяцей ва ўзросьце ад 12 да 17 гадоў. Вакцынаваць дзіця можна не раней як праз 6 месяцаў пасьля перанесенай ім COVID-19 і пры адсутнасьці супрацьпаказаньняў да вакцынацыі. Дзяцей прышчапляюць кітайскай вакцынай Verо Cell.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымптомы «Омікрону». 5 пытаньняў і адказаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалася вакцынацыя дзяцей супраць COVID-19 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 20 тысяч хворых на ковід у дзень. Як ацэнкі «Народнага апытаньня» адрозьніваюцца ад афіцыйных