Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб масавай хакерскай атацы ў ноч з 13 на 14 студзеня на шэраг урадавых сайтаў, у тым ліку на сайт Кабінэту міністраў, а таксама міністэрстваў замежных спраў, энэргетыкі, адукацыі, аграрнай палітыкі, у справах вэтэранаў і іншых.
На галоўнай старонцы гэтых сайтаў хакеры разьмясьцілі паведамленьне пра тое, што ўсе пэрсанальныя дадзеныя ўкраінцаў загружаныя ў агульную сетку і іх немагчыма аднавіць.
«Уся інфармацыя пра вас стала публічнай, бойцеся і чакайце горшага. Гэта вам за мінуўшчыну, сучаснасьць і будучыню. За Валынь, за АУН, УПА, за Палесьсе і за гістарычныя землі», — было напісана ў паведамленьні па-ўкраінску, па-расейску і па-польску.
У СБУ паведамілі, што зьмест сайтаў не пацярпеў ад атакі хакераў і не адбылося выцеку пэрсанальнай інфармацыі.
Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны і служба дзяржаўнай сувязі супольна зь іншымі органамі дзяржаўнай улады расьсьледуюць інцыдэнт і зьбіраюць лічбавыя доказы.
Працу большасьці сайтаў дзяржаўных органаў Украіны ўжо аднавілі.
Эўразьвяз склікаў экстраную сустрэчу з прычыны кібэратакі ва Ўкраіне
Аб гэтым заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль перад пачаткам нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС ЭЗ.
«Мы склікалі гэтай раніцай экстраную сустрэчу амбасадараў ЭЗ, каб зразумець, якім чынам мы можам дапамагчы Ўкраіне адрэагаваць на гэта і якое тэхнічнае садзейнічаньне мы можам ёй даць, каб павысіць яе здольнасьць супраціўляцца такім нападам. Мы мабілізуем на гэта ўсе магчымыя рэсурсы», — сказаў Барэль. Паводле яго, гаворка ідзе аб мабілізацыі падразьдзяленьня хуткага рэагаваньня на кібэратакі, а таксама праекту па абароне ад кібэратакаў, якія будуць накіраваныя на дапамогу Ўкраіне.
«Відавочна, я не магу назваць, хто стаіць за гэтым, таму што ў мяне няма доказаў, але можна здагадацца», — сказаў ён пра кібэратаку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра новыя вучэньні каля мяжы з Украінай і Беларусьсю