Менш грошай, але больш міліцыі. Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Беларусь і Казахстан

Сілавікі падчас разгону пратэстаў у Казахстане (зьлева) і Беларусі

Падзеі ў Казахстане пачаліся з росту цэнаў на газ. Параўноўваем цэны на паліва, узровень жыцьця, колькасьць сілавікоў і іншыя лічбы ў Казахстане і Беларусі.

Пратэсты ў Казахстане пачаліся зь незадаволенасьці падвойным ростам цэнаў на звадкаваны газ. Ад 1 студзеня ён падаражэў з 60 да 120 тэнге. Гэта прыкладна з 12 да 25 амэрыканскіх цэнтаў, альбо з 32 да 64 беларускіх капеек. У Беларусі звадкаваны газ на аўтамабільных запраўках каштуе ўдвая даражэй — каля 1 рубля 30 капеек.

І хоць улады Казахстану зьнізілі цэны да ранейшага ўзроўню амаль адразу пасьля пачатку масавых пратэстаў, хваляваньні не спыніліся і прывялі да адстаўкі ўраду і зьнікненьня елбасы Нурсултана Назарбаева, а таксама да ўводу на тэрыторыю краіны расейскіх войскаў. Параўноўваем іншыя аспэкты жыцьця беларусаў і казахаў.

Працягласьць праўленьня аднаго чалавека

Нурсултан Назарбаеў стаў фактычным кіраўніком Казахстану яшчэ ў часы СССР, ён узначаліў ЦК КП Казахстану ў чэрвені 1989 году. Пасьля быў прэзыдэнтам, перавыбіраўся зь нязьменна высокім вынікам да 2019 году, калі афіцыйна сышоў з пасады, застаўшыся пры гэтым у палітыцы. Назарбаеў узначаліў Савет бясьпекі і некалькі іншых органаў, у тым ліку правячую партыю Нур-Атан. 5 студзеня 2022 году пра адхіленьне Назарбаева ад пажыцьцёвай пасады старшыні Савету бясьпекі паведаміў прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў. Што здарылася з Назарбаевым і дзе ён цяпер — дакладна невядома. Назарбаеў правіў Казахстанам амаль 32 гады.

Аляксандар Лукашэнка афіцыйна ўступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў ліпені 1994 году, Назарбаеў на той момант кіраваў сваёй краінай ужо пяць гадоў. Каб пераўзысьці Назарбаева па тэрміне знаходжаньня ва ўладзе, Лукашэнку трэба пратрымацца да лютага 2026 году.

Гаспадарка

Памер валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва — адзін з ключавых эканамічных паказчыкаў, які дазваляе зразумець узровень разьвіцьця эканомікі і сярэдні аб’ём вырабленых у дзяржаве тавараў і паслуг у пераліку на кожнага грамадзяніна. У Казахстане, паводле падлікаў Міжнароднага валютнага фонду, ён складае каля 10 100 даляраў. Гэта менш, чым у сярэднім у сьвеце (больш за 12 тысяч), але блізка да Расеі (11 200) і больш, чым у Турэччыне (9400). Паводле гэтага паказчыку Казахстан займае 65-е месца ў сьвеце.

У Беларусі ўсё больш сьціпла — 7000 даляраў на душу насельніцтва і 84 месца, паміж Батсванай і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай.

Пры гэтым у абедзьвюх краінах пэрыядычна здараюцца форс-мажоры ў выглядзе буйных разавых дэвальвацый. У Казахстане апошнія разы такое адбывалася ў 2014 (нацыянальная валюта дэвальвавалася на 19%) і ў 2015 (на 26%) гадах. У Беларусі рубель абвальваўся апошні раз у 2015 годзе, тады дэвальвацыя склала каля 30%.

Узровень заробкаў

Сярэдні памер месячнага заробку ў Казахстане ў 2021 годзе склаў каля 440 даляраў. У Беларусі афіцыйны сярэдні заробак у мінулым годзе быў вышэйшы — каля 500 даляраў у сярэднім па краіне (да адлічэньня падаткаў).

Мэдыянны заробак, які эканамісты называюць больш рэальным адлюстраваньнем сярэдняга даходу па краіне, у Казахстане за 2021 год склаў каля 320 даляраў. У Беларусі яго памер у мінулым годзе склаў каля 400 даляраў на чалавека.

Колькасьць сілавікоў

У 2019 годзе на 100 тысяч грамадзян Казахстану ў краіне прыпадаў 471 праваахоўнік. У краінах Эўразьвязу гэты паказчык складае каля 200–300 праваахоўнікаў на кожныя 100 тысяч грамадзян.

У Беларусі восеньню 2021 году, паводле ініцыятывы BYPOL, афіцыйна працавала больш за 46 тысяч міліцыянтаў. У пераліку на кожныя 100 тысяч грамадзян — 485 праваахоўнікаў. Пры гэтым у лік 46 тысяч міліцыянтаў уваходзяць толькі атэставаныя супрацоўнікі МУС, без уліку грамадзянскіх спэцыялістаў і асабовага складу ўнутраных войскаў, які налічвае каля 12 тысяч чалавек.

Колькасьць арыштаваных журналістаў і палітвязьняў

Паводле зьвестак Камітэту па абароне журналістаў, на канец 2021 году ў Казахстане за кратамі знаходзіўся адзін журналіст, якога ўлады перасьледуюць за прафэсійную дзейнасьць. У Беларусі арганізацыя налічыла 19 такіх асобаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў называе значна большую лічбу — 32 чалавекі.

Палітзьняволеных у Казахстане да падзей пачатку 2022 году было каля двух дзясяткаў (насельніцтва Казахстану складае больш за 19 мільёнаў чалавек). У асноўным гэта грамадзянскія актывісты з розных рэгіёнаў краіны, асуджаныя за ўдзел у пратэстах альбо абвінавачаныя дзяржавай у «экстрэмісцкай дзейнасьці».

У Беларусі па стане на 12 студзеня 2022 году палітвязьнямі прызнаныя 974 чалавекі. Да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году беларускія праваабаронцы называлі палітзьняволеным толькі аднаго чалавека — Міхаіла Жамчужнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэстоўцы і марадэры — гэта розныя людзі». Беларуска з Алматы апавядае, што адбываецца ў Казахстане пасьля задушэньня пратэстаў