Прылюдна абразіў Лукашэнку і пхнуў нагой мінака ў твар — менчука асудзілі на два гады калёніі
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 6 студзеня разгледзелі крымінальную справу ў дачыненьні да Сяргея Мельнікава, якога абвінавацілі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) і абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), паведамляе «Вясна».
Згодна з абвінавачваньнем, мужчына паблізу будынку «Беларусбанку», а таксама ў самім памяшканьні аддзяленьня «выказаў з выкарыстаньнем ненарматыўнай формы маўленчага выказваньня ў адрас Лукашэнкі абразы, выяўленыя ў непрыстойнай форме». Ён жа пазьней, калі выйшаў з банку, нанёс адзін удар нагой мужчыне ў вобласьць твару.
Судзьдзя Віктар Казачок прысудзіў Мельнікаву два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Чарговы тэрмін палітвязьню: тры гады калёніі за паведамленьні і здымкі ў сацсетках
12 студзеня суд Іванаўскага раёну скончыў разгляд справы 35-гадовага Сяргея Дубіка, якога абвінавачвалі адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта РБ»), ч. 2 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта РБ»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 188 («Паклёп») за паведамленьні, рэпосты і фатаздымкі «ЎКантакце», піша «Вясна».
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся і ў апошнім слове папрасіў прабачэньня ў Лукашэнкі, начальніка Глыбоцкага РАУС і сваіх родных.
Судзьдзя Стасевіч прызнаў Дубіка вінаватым і прысудзіў яму 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама ён пастанавіў выплаціць 2000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды аднаму з пацярпелых.
Менчуку прысудзілі «хімію» за падзеі ў жніўні 2020 году
11 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску 22-гадовага Мікіту Навакоўскага абвінавацілі паводле ч.1 арт.342 КК і асудзілі на тры гады «хіміі», паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў справы, хлопец у жніўні 2020 году «разам зь іншымі людзьмі рухаўся па праезнай частцы дарогі, стаяў у счэпцы, а таксама не рэагаваў на патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі спыніць супрацьпраўныя дзеяньні».
Усё гэта, на думку дзяржабвінавачваньня, нібыта «пацягнула за сабой працяглае парушэньне грамадзкага спакою, абмежавала права іншых грамадзян на спакойную працу, адпачынак, свабоднае перамяшчэньне».
У Горадні затрымалі Тацяну Саўко
Праваабаронцы паведамляюць, што 13 студзеня ў Горадні затрымалі Тацяну Саўко. Да жанчыны прыйшлі зь ператрусам а шостай раніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, Тацяну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП).
Пра падрабязнасьці затрыманьня Тацяны Саўко напісаў тэлеграм-канал «Право имеют».
Дачку Тацяны — Карыну Маліноўскую затрымлівалі ў жніўні 2020 году. Яна кажа, што пасьля здарэньня страціла дзіця. Паводле Карыны, маці не хадзіла на мітынгі і не пакідала камэнтароў, якія маглі стаць падставай для крымінальнага артыкула. Аднак у дачыненьні да Карыны заведзеныя некалькі крымінальных спраў. Па яе інфармацыі, маці цяпер у Ленінскім РАУС Горадні. На яе складаюць пратакол па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць». У якім працэсуальным статусе яна цяпер, невядома.
Самі сілавікі прычыну затрыманьня Тацяны Саўко не паведамлялі.
Таксама вядома, што а 9-й раніцы ў Горадні затрымалі Насту Ждановіч, якая робіць тарты. Яна папрасіла сяброўку забраць яе дачку. Аднак празь дзьве гадзіны яе адпусьцілі.
У Жлобіне затрымалі Тацяну Наскову
Падчас паездкі ў Жлобін 12 студзеня сілавікі затрымалі жыхарку Сьветлагорску Тацяну Наскову, паведамляе «Вясна». Месяц таму ў яе кватэры праводзіўся ператрус, у ходзе якога шукалі грошы і экстрэмісцкія матэрыялы. Папярэдне вядома, што жанчыну зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Жлобінскага раённага аддзела ўнутраных спраў.
9 сьнежня 2020 году ў кватэры Тацяны адбыўся ператрус. Ён праводзіўся па крымінальнай справе, нібыта заведзенай у Менску: шукалі грошы і нешта экстрэмісцкае. Аднак нічога з гэтага ня выявілі.
Тацяна Наскова — мэдычны тэхнік па прафэсіі, пэнсіянэрка. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году была назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў адной з участковых выбарчых камісій у Сьветлагорску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 студзеня: у Барысаве затрымалі праваабаронцу Мацкевіча, у Менску — грамадзкага актывіста Жылко