Арганізацыі Index on Censorship і Article 19, якія бароняць свабоду слова, заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня беларускага журналіста і праваабаронцы Андрэя Аляксандрава і ягонай сяброўкі Ірыны Злобінай.
«Мы заклікаем міжнародную супольнасьць далучыцца да кампаніі салідарнасьці і заклікаць беларускія ўлады вызваліць іх», — гаворыцца ў супольнай заяве арганізацый.
Журналіст, мэдыямэнэджар і праваабаронца Андрэй Аляксандраў, які раней працаваў у Index on Censorship і ARTICLE 19, абвінавачваецца ў «дзяржаўнай здрадзе». Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Ягоную сяброўку Ірына Злобіну затрымалі праз падазрэньне ў «фінансаваньні пратэставай дзейнасьці», ёй выставілі абвінавачаньні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Злобінай пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калегі палітвязьня Андрэя Аляксандрава аднавілі доступ да ягонага сайту «Беларусский журнал»Хто такі Андрэй Аляксандраў
Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле.
- Дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
- У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
- Вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.
- Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.
- У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у агенцтве мэдыякансультантам на дамове.
- Андрэй любіць футбол (заўзее за «Лівэрпуль»), літаратуру, піша вершы.