Упершыню колькасьць выяўленых за 24 гадзіны выпадкаў перавысіла 3 млн чалавек, сьведчаць дадзеныя Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ).
За мінулыя суткі каранавірусам заразіліся 3 395 785 чалавек, памерлі — 7735 чалавек. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся, перавысіла 312 млн, усяго з пачатку пандэміі ахвярамі COVID-19 сталі больш за 5,5 млн чалавек.
Статыстыка САЗ улічвае толькі афіцыйна пацьверджаныя зьвесткі аб заражэньнях і сьмерцях, якія падаюць дзяржавы. Больш за ўсё пацьверджаных выпадкаў заражэньня зарэгістравана ў ЗША, Індыі, Бразыліі, Вялікай Брытаніі і Францыі.
У сьвеце актыўна распаўсюджваецца омікрон-штам, знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы ў лістападзе 2021 году. Яго ўжо выявілі больш як у 100 краінах сьвету, у некалькіх зь іх штам стаў дамінантным. Прычына ў высокай заразнасьці «Омікрону» ў параўнаньні з іншымі варыянтамі каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскі пасол заявіў пра пастаўку ў Беларусь 1,5 млн дозаў вакцыны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ: палова насельніцтва Эўропы можа заразіцца «Омікронам» да сакавіка