Паводле зьвестак газэты The Washington Post, Белы дом падтрымаў законапраект. Дакумэнт унесьлі сэнатары ад Дэмакратычнай партыі на чале з Робэртам Мэнэндэсам, які ўзначальвае камітэт у міжнародных справах.
У выпадку расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны сэнатары прапануюць забараніць Пуціну ўезд у ЗША і замарозіць яго амэрыканскія актывы. Такія ж абмежаваньні будуць ужытыя да прэм'ер-міністра, кіраўніка МЗС і міністра абароны Расіі, а таксама да ўсіх, каго Вашынгтон палічыць датычнымі да ваеннага ўварваньня. Санкцыі таксама прапануецца ўвесьці ў адносінах да сваякоў расейскага прэзыдэнта і блізкіх да яго бізнэсоўцаў.
У дакумэнце прапісана, што на працягу 30 дзён пасьля магчымага нападу Расеі на Ўкраіну прэзыдэнт ЗША павінен будзе ўвесьці санкцыі супраць ня менш як трох буйных расейскіх банкаў. Пад абмежаваньні таксама можа трапіць расейскі зьнешні доўг і газаправод «Паўночны паток-2».
У праекце закону таксама гаворыцца, што ў выпадку расейскай агрэсіі ЗША павінныя будуць павялічыць ваенную дапамогу Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін баіцца паўстанцаў». Намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі пра Казахстан і пляны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну- Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, на мяжы Расеі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.
- Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны – гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».
- Улады Расеі пачалі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі ў Эўропе. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць ваенныя базы на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс павінен спыніць пашырэньне на ўсход. У прыватнасьці, Расея выставіла патрабаваньне не прымаць у NATO Украіну. Прадстаўнікі альянсу ўжо назвалі гэтыя патрабаваньні непрымальнымі.