Бізнэсовец Юры Чыж застаецца са сваёй маёмасьцю, бо прызнаў свой доўг перад былым менэджарам «Трайпла» Мікалаем Чукісавым.
«Наша Ніва» падае некаторыя падрабязнасьці справы, празь якую да Чыжа некалькі разоў прыходзілі дадому выканаўцы і апісвалі маёмасьць.
«Схема аказалася мудрагелістая, — піша „Наша Ніва“, — бо Чукісаў сам быў вінен „Трайплу“ прыкладна тую ж самую суму, што і „Трайпл“ яму. Але Чукісаў плаціў. У выніку, у кастрычніку „Трайпл“ прадаў доўг Чукісава нейкаму грамадзяніну Расеі, спадару Цітову, а затым Цітоў саступіў права спаганяць доўг Чыжу.
Потым юрысты „Трайпла“ хадайнічалі аб замене спаганяльніка і правядзеньні ўзаемаразьліку паміж Чыжом і Чукісавым. Іншымі словамі, яны цяпер нічога адзін аднаму ня вінныя. Узаемазалік правялі ў апошні дзень 2021 году».
- Юры Чыж, некалі набліжаны да Лукашэнкі самы ўплывовы бізнесовец у Беларусі, знаходзіцца пад вартай з 15 сакавіка 2021 году. Прычыны арышту невядомыя.
- Юрыя Чыжа ўжо затрымлівалі ў 2016 годзе праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Неўзабаве ён выйшаў на волю, у гэты ж час вялося сьледзтва ў дачыненьні да ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава.
- Пазьней пачаўся падзел бізнэсу, вынікам чаго стала згортваньне шэрагу буйных праектаў групы кампаній. Цяпер ТАА «Трайпл» знаходзіцца ў стане ліквідацыі.