Як адзначаецца ў тэлеграм-канале CIT, аналітыкі групы знайшлі ў сацыяльных сетках «мноства відэа, дзе вайсковая тэхніка — на аўтадарогах, у працэсе пагрузкі на чыгуначныя плятформы і на эшалёнах, якія рухаюцца на захад». У CIT устанавілі, што большасьць запісаў зробленыя ва Ўсходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе, у тым ліку ў Бураціі і Прыморскім краі.
Па словах расьсьледавальнікаў, у апошнія некалькі дзён колькасьць відэа зь перакіданьнем вайсковай тэхнікі на захад Расеі значна ўзрасла. На кадрах спэцыялісты знайшлі вайсковыя грузавікі, аўтазапраўшчыкі, танкі, баявыя машыны пяхоты, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град» і «Ураган». Як мяркуецца, вайскоўцы перавозяць таксама зэнітны ракетны комплекс «Тор» або зэнітную самаходную ўстаноўку «Шылка».
Спэцыялісты CIT адзначаюць, што разам з тэхнікай у пасажырскіх і таварных вагонах едуць і вайскоўцы, аднак дакладную іх колькасьць устанавіць пакуль не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: мы ня бачым крокаў Масквы для дээскаляцыі канфлікту з Украінай