Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: мы ня бачым крокаў Масквы для дээскаляцыі канфлікту з Украінай


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

Вашынгтон ня бачыць крокаў Масквы для дээскаляцыі канфлікту на мяжы з Украінай. Аб гэтым заявіла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд пасьля расейска-амэрыканскіх перамоваў у Жэнэве 10 студзеня.

Паводле Нуланд, Расея стала ініцыятарам крызісу, калі сканцэнтравала недалёка ад мяжы з Украінай 100 тысяч салдатаў. Акрамя таго, паводле дыпляматкі, Масква распаўсюджвае дэзынфармацыю аб ЗША і NATO для апраўданьня сваіх агрэсіўных дзеяньняў.

Каб прадэманстраваць імкненьне дээскаляваць сытуацыю, Масква павінна адвесьці свае войскі ад мяжы, але абвешчаныя 11 студзеня новыя расейскія вайсковыя вучэньні сьведчаць пра адваротнае, сказала дыпляматка.

Нуланд заклікала Крэмль засяродзіцца на інтарэсах расейцаў ва ўмовах пандэміі каранавірусу і вырашаць пытаньні, зьвязаныя з аднаўленьнем эканомікі.

У сваю чаргу пасол Расеі ў ЗША Анатолій Антонаў заявіў, што Вашынгтону неабходна адвесьці вайсковы патэнцыял ад расейскіх межаў і задумацца, як будучыя пакаленьні будуць жыць разам. Кіраўнік місіі падкрэсьліў, што Масква не дапусьціць дамінаваньня NATO ня толькі на сушы, але і на моры, і ў паветры.

У сьнежні летась МЗС Расеі апублікавала праекты пагадненьняў з NATO і ЗША аб гарантыях бясьпекі. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць вайсковых базаў на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс павінен спыніць пашырэньне на ўсход.
Прадстаўнікі Расеі і ЗША прадоўжаць сустрэчы сёньня, 12 студзеня, на пасяджэньні рады Расея – NATO ў Брусэлі і 13 студзеня ў Вене на пасяджэньні пастаяннай рады АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG