Рахунак амаль на 6,1 мільёна расейскіх рублёў (амаль 82 тысячы даляраў) выставіла беларускай сьпявачцы Анжаліцы Агурбаш Фэдэральная служба судовых прыставаў Расеі. Квітанцыя на аплату зьявілася ў базе судовых вытворчасьцяў.
Грошы са сьпявачкі спаганяюць на падставе пастановы Эканамічнага суду Менску, які абавязаў сьпявачку вярнуць «Белкаапзьнешгандлю Белкаапсаюзу» 49 адзінак тавару, які яна павінна была прадаць у Маскве і атрымаць камісійныя. Гэта ў асноўным футры, а таксама шалікі, шапкі, камізэлькі і іншыя вырабы.
Першае рашэньне ў «справе аб футрах» прынялі яшчэ ў чэрвені 2021 году. У судзе адказчык сьцьвярджаў, што Анжаліка Агурбаш у 2018 годзе заключыла з прадпрыемствам дамову аб рэалізацыі тавару і да чэрвеня 2020 году павінна была пералічыць грошы за прададзеныя футравыя вырабы, або вярнуць тавар. Аднак ні таго, ні другога не адбылося. Суд стаў на бок кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анжаліку Агурбаш дапыталі ў маскоўскай пракуратуры ў справе экстрадыцыіРасейскія судовыя прыставы першапачаткова налічылі сьпявачцы для выплаты больш як 197,9 тысячы расейскіх рублёў (каля 2,7 тысячы даляраў). Цяпер яны вырашылі спагнаць асноўны кошт тавару.
Паміж Расеяй і Беларусьсю дзейнічае пагадненьне аб прызнаньні актаў арбітражных судоў. Яны выконваюцца ў такім жа парадку, што і рашэньні сваёй дзяржавы.
На радзіме супраць Анжалікі Агурбаш, якая даўно жыве ў Маскве, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі і распальваньне варажнечы. Ён пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма ніякага страху і панікі, уцякаць не зьбіраюся». Анжаліка Агурбаш — пра крымінальную справу за абразу Лукашэнкі