Блінкен: NATO ўзмоцніць прысутнасьць; дапамогу Ўкраіне павялічаць, калі Расея выбера шлях канфлікту

Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў выпадку правалу дыпляматычных намаганьняў па дзеяньнях Расеі Вашынгтон і яго партнэры зьвернуцца да эканамічных мер супраць Масквы, узмоцняць прысутнасьць сіл NATO «ў прыфрантавых дзяржавах Альянсу» і павялічаць вайсковую дапамогу Кіеву.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША па выніках тэлефоннай размовы Блінкена і міністра замежных спраў Украіны Дзьмітрыя Кулебы.

«Дзяржсакратар пацьвердзіў сваю падтрымку дыпляматыі як адзінага адказнага шляху наперад, і што без Украіны ніякіх прадметных дыскусій аб Украіне ня будзе. Ён паўтарыў: калі Расея выбера шлях да далейшага канфлікту, Злучаныя Штаты і нашыя саюзьнікі і партнэры гатовы забясьпечыць велізарныя выдаткі для расейскай эканомікі, узмацніць прысутнасьць NATO ў прыфрантавых дзяржавах Альянсу і павялічыць абаронную дапамогу Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні.

У МЗС Украіны напярэдадні паведамілі, што Кулеба і Блінкен абмеркавалі сумесныя крокі перад далейшымі перамовамі з Расеяй: у рамках рады Расея —NATO і Пастаяннай рады АБСЭ, якія пройдуць адпаведна 12 і 13 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік МЗС Польшчы: «Калі Расея паспрабуе яшчэ раз, тады атрымае па ядрах»