Колішні міністар абароны (2005–2007), міністар замежных спраў (2007–2014) і маршалак Сэйму Польшчы (2014–2015), а цяпер кіраўнік дэлегацыі Эўразьвяз — ЗША ў Эўрапарлямэнце Радослаў Сікорскі паабяцаў Расеі, што тая сутыкнецца з жорсткім адказам, калі захоча далей забіраць тэрыторыі, на якія раней распаўсюджваўся ейны ўплыў.
«Зразумейце гэта, амбасада Расеі, аднойчы і назаўжды, мовай, якую разумееце. Мы не асірацелі, бо вы не былі нашым татам. Хутчэй сэрыйным гвалтаўніком. Вось таму па вас не нудзяцца. А калі паспрабуеце яшчэ раз, тады атрымаеце ўдар па ядрах», — напісаў Сікорскі ў твітэры.
Словы Радаслава Сікорскага сталі адказам на заяву міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які назваў краіны, якія раней былі пад уплывам Масквы, «асірацелымі».
«NATO стала выключна геапалітычным праектам, накіраваным на захоп тэрыторый, асірацелых у выніку распаду Арганізацыі Варшаўскай дамовы і Савецкага Саюзу», — такім было выказваньне Лаўрова.