Рэдактара баранавіцкага выданьня Intex-Press Уладзімера Янукевіча пакаралі штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведаміў БАЖ.
Як патлумачыў Уладзімер Янукевіч, справа тычыцца не выданьня Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП «Цэнтар Рунь», якое займаецца рэклямай.
«Я зьяўляюся дырэктарам і ў ім, і ў ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“», — расказаў Уладзімір Янукевіч. — Калі падчас ператрусу з гэтых прадпрыемстваў забралі тэхніку, то ў адным пляншэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю».
У выніку Ўладзімера Янукевіча прыцягнулі да адказнасьці як фізычную асобу, хоць у справе ён праходзіў як дырэктар ПУП «Цэнтар Рунь».
Напрыканцы 2021 году Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта Intex-Press. У загадзе міністра Ўладзімера Пярцова было напісана, што прычынай блякавання сталі «парушэньні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы разьмяшчэньня інфармацыі, распаўсюд якой забаронены».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за «экстрэмісцкія матэрыялы», ён абвяргае, што іх запампоўваў у кампутар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заблякавалі доступ да сайту баранавіцкага выданьня Intex-press