Падчас папярэдняга сьледзтва ўстаноўлена, што абвінавачаны «ўчыніў дзеяньні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасьці беларускіх калябарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.
«Абвінавачаны імкнуўся забыцца на ўрокі разбуральнай вайны, цынічна сказіць яе маральныя і прававыя вынікі, паставіць на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, праславіць і апраўдаць іх, а таксама паставіць пад сумненьні рашэньні Міжнароднага ваеннага трыбуналу, якія ня маюць тэрміну даўнасьці», — гаворыцца ў тэксьце.
У пэрыяд з 21 па 24 сакавіка 2021 году Алесь Пушкін, знаходзячыся ў Кіеве, правёў пэрформанс, на якім, як лічаць у пракуратуры, «зьневажаў дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь».
Выбраную раней у дачыненьні да абвінавачанага меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту намесьнік Генэральнага пракурора, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў без зьмяненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пудзілы, ігра на дудах, карагод. За які крэатыў садзілі беларусаўАлеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.
Сьледчыя пачалі правяраць іншыя мастацкія працы Алеся Пушкіна — цыкль «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гэта партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сьледчыя высьвятлялі ролю Пушкіна ў стварэньні дакумэнтальнага фільму «Праклятыя і забытыя», зьнятага тэлеканалам «Белсат» у 2013 годзе.
Раней да Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Непрыхаваны перасьлед за творчую дзейнасьць». Мастак Алесь Пушкін расказаў сваю вэрсію прычыны зьняволеньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Яўген Жыхар, за партрэт якога завялі крымінальную справу. І што ня так са справай