Літоўскі Сэйм разглядае зьмены ў напісаньні іншаземных прозьвішчаў

У Сэйме Літвы

На наступным тыдні ў парлямэнце Літвы прагаласуюць, ці варта прыводзіць у літоўскай мове прозьвішчы іншаземнага паходжаньня ў арыгінальным напісаньні.

У галасаваньні, якое адбылося 10 студзеня, 83 са 140 дэпутатаў прагаласавалі за праект новага напісаньня. Апошняе чытаньне і фінальнае галасаваньне мусяць адбыцца на наступным тыдні, піша Rzeczpospolita.

На гэты момант, як адзначае газэта, прозьвішча вядомага польскага пісьменьніка Генрыха Сянкевіча — Sienkiewicz — па-літоўску пішацца як Senkevič. Польская меншасьць у Літве даўно просіць аб зьменах, каб мець уласныя прозьвішчы і імёны ў дакумэнтах у арыгінальным польскім напісаньні.

Аднак праект зьмяненьняў не прадугледжвае выкарыстаньня літар, якіх няма ў літоўскім альфабэце — «w», «q» i «x». А таму шэраг польскіх і іншых прозьвішчаў усё адно нельга будзе напісаць у поўнай адпаведнасьці з польскім арыгіналам, зазначае газэта. Напрыклад, уладальнік польскамоўнай радыёстанцыі і падпісант Акту аб незалежнасьці Літвы ў 1990 годзе Чэслаў Акіньчыц, які ў польскай мове запісваецца як Czesław Okińczyc, а ў літоўскім пашпарце мае напісаньне Česlav Okinčic, у выпадку прыняцьця паправак Сэймам будзе запісвацца як Czeslaw Okinczyc, што не да канца адпавядае арыгінальнаму напісаньню на мове народу, зь якога ён паходзіць. Усё таму, што літар «ł» i «ń» у літоўскай мове няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людміла Пуціна і Марыля Літвін. Чым адметныя беларускія прозьвішчы на -ін

Праблематыка напісаньня ўласных імёнаў у літоўскай мове тычыцца ня толькі польскай меншасьці. Свае новыя прозьвішчы не заўжды могуць запісаць у арыгінале грамадзянкі Літвы, якія выйшлі замуж за іншаземцаў.

У красавіку 2021 году літоўскія мовазнаўцы вырашылі не мяняць назву Беларусі на Belarus, якая ў сучаснай літоўскай гучыць як Baltarusija. Большая частка палітычнай падкамісіі пры Дзяржаўнай камісіі па літоўскай мове выказалася за тое, што ў выпадку неабходнасьці можна разглядаць замену існай назвы на колішнюю назву Gudija.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія мовазнаўцы вырашылі не мяняць назву Беларусі

А вось у выпадку з Грузіяй рашэньне мовазнаўцаў было адназначным, і цяпер краіна запісваецца як Sakartvelas, паводле непасрэдна грузінскай назвы краіны საქართველო (Сакартвэла).